Старонка:BNT.Valacobnyja piesni.djvu/91

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Жыта і пшаніцу, ўсяляку пашніцу.
У даліне жыта удалося,
А на грудзе ў трубы павілося.
Там жнуць жнейкі маладзенькі,
У іх сярпочкі залаценькі.
Снапок звяжа — копка ляжа,
Копка ляжа — на воз кладуць,
Яе на воз кладуць да у гумно вязуць.
У гумне укладна, на таку ўмалотна,
У таку ўмалотна, у млыне прымольна,
У млыне прымольна, ў дзяжы падыходна,
У печы румяна, да стала падана,
За сталом сытна, ўсёй сямейцы змірна.

Віншаванне:
Нашым братцам сорак яек,
Сорак не сорак, пяцьдзесят да мала,
Пяцьдзесят да мала, каб усім стала.
Бутэльку гарэлкі, сыр на тарэлкі,
Палажы кладку, зазаві ў хатку.

50

Ішлі хлопцы, удалыя малойцы,
[Вясна красна на ўвесь свет!][1]
Ішлі ж яны гукаючы,
Багатага двору шукаючы,
Багатага двору да чэснага пана.
— Ці спіш, ляжыш, пане гаспадару?
Калі не спіш, адзавіся,
Адзавіся, бела умыйся,
Бела умыйся, гладка прычашыся,
Ў казловыя боты да ўсё прыбярыся.
Потым таго, пане гаспадару,
Глянь у аконца, глянь у другое.
На тваім дварышчы сіні туманішча,
Сіні туманішча, зялёнае жыта.
Потым таго, пане гаспадару,
Рабі сярпы сталёвыя,
Сталёвыя да ўсё вострыя.

  1. Рэфрэн паўтараецца пасля кожнага радка.