Старонка:BNT.Valacobnyja piesni.djvu/156

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

А не дарыш, прасі ў хату,
Мы на тое прыступаем.
Кварту гарэлкі, сыр на тарэлкі.

85

Пайдзём, прайдзём ўдоль вуліцы,
Спявайце, братцы, спявайце[1]!
Пайдзём, зайдзём у той дварок.
У тым дварку, як у вянку,
Прастол стаіць, сам бог сядзіць.
Каля бога ўсе святыя
Шыкуюцца, рахуюцца,
Катораму ўперад пайсці.
Перша святца — новае летца.
Святы Яня, боскі зданя,
Узяў ключы залатыя,
Адамкнуў зямлю, пусціў расу,
Пусціў расу на ўсю зямлю
І мокрую, і цёплую.
Святы Мікола — стары сявец,
Узяў сяўню, пайшоў ў поле,
Пайшоў ў поле ў яравое.
Пяць раз шагнець, разок сяўнець,
Калі дасць бог — густа будзець.
Святы шоснік колас точыць,
Колас точыць, як сам хочыць.
Святое Пятро — ў жыце ядро,
Святая тройца гнаі возіць,
Святая Ілья, старая жняя,
Ідзець у поле аржаное,
Разок разнець — снапок нажнець,
Снапы вяжыць, копы лічыць.
Святы спасе ў добрым часе,
Святы звіжэнь за ўсіх бліжэй,
Святы пакроў пакрываець
Пчалу мёдам, зямлю лёдам.
Святы пакроў — з усім дамоў,
Із сошачкай, з бароначкай,
З кабылачкай-вароначкай.

  1. Рэфрэн паўтараецца пасля кожнага радка.