Старонка:BNT.Valacobnyja piesni.djvu/107

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

66

У нядзельку ранюсенька,
Да віно ж, віно зялёнае[1]!
Ўзышло сонца яснюсенька,
Асвяціла лясы, бары,
Лясы, бары, роўнае поле,
Роўнае поле, жыта ядраное.
У коласе, як у золаце,
У корані, як у чыстым срэбры.
— Пане гаспадару, выпраў жану,
Выпраў жану жыта жаці
Із сярпочкам залаценькім,
Із сыночкам маладзенькім.
Разок чыкне — снапок нажне,
Ступень пражне — капу нажне.
Пане гаспадару, твае копы,
Твае копы незлічоныя.
Сам бог ходзе, копы ліча,
Копы ліча, гаспадара кліча.
Дай жа божа пану гаспадару,
Каб на полі ўсё й капамі,
А ў гумне ўсё й капамі,
А ў гумне ўсё й тарпамі,
А на таку прымалотнае,
А ў млыне прымельнае,
А ў дзяжы падходнае,
А ў печы прыпечнае,
А на стале прыкройнае.
Дай жа божа пану гаспадару
Сыра на талерку закусіць гарэлку,
Скварку ў печ, па яечкі ў клець,
Піва варыці, сына жаніці,
Гарэлку гнаці, дачку аддаваці.
Дай жа божа, каб рок ад року
Гаспадыня была пры боку.

67

А ці дома, дома пане гаспадару?
Віно ж, віно зеляно[1]!

  1. 1,0 1,1 Рэфрэн паўтараецца пасля кожнага радка.