Старонка:BNT.Valacobnyja piesni.djvu/106

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

І пад колас каласістая.
З каласочка — жыта мерачка,
А з снапочка — жыта бочка.
Ото ж табе, слічны панічу,
Песня спета проці лета,
Проці лета ўрадлівага,
Проці года шчаслівага.

65

Добры вечар, пане гаспадару!
Да віно ж, віно зялёнае[1]!
А ці ўдому пане гаспадару?
Хоць і ўдому, не акажацца -
У каморы адзяваецца,
Кладзе порткі сігналёвы,
Абувае боты шаўровыя,
Кладзе шубу мядзведжую,
Вядзе каня варанога,
Кладзе сядло залатое,
Едзе ў поле жыта аглядаць.
Спатыкае яго Юр’я ў варотах:
— Куды едзеш, пане гаспадару?
— Еду ў поле жыта аглядаці.
— Хоць едзь, хоць не едзь,
Хоць вярніся,
Тваё жыта пара жаці.
Там жнуць жнейкі маладыя,
У іх сярпочкі залатыя.
Серп заложа — сноп паложа,
Шаг надбавя — копы ставя,
Копы ліча, гаспадара кліча.

Дай жа божа, пане гаспадару,
На полі капамі,
У гумнах тарпамі,
На таку ўмалотам,
У кішэні злотам.

  1. Рэфрэн паўтараецца пасля кожнага радка.