Старонка:BNT.Valacobnyja piesni.djvu/104

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Разок махне — снапок нажне,
Шаг прыбавя — копы ставя.
Сам бог едзе, копы ліча.
Дай жа божа пану гаспадару
На полі капамі, а ў гумне тарпамі,
На таку ўмалотам, а ў кішэні злотам.

63

Добры вечар, пане гаспадару!
Вясна красна на ўвесь свет![1]
Прыйшлі мы да пана, як да багача,
Хочам пана да й павітаць,
Яго панскае здароўе спытаць.
Ці здароў пан, ці вясёл пан?
Ці здарова панская жонка?
Ці здаровы панскія дзеткі?
Панская жонка будзе падвышона,
Панскія дзеткі, як у садзе кветкі,
А панскі двор, як у вянку.
На панскім ганку крэслы стаяць,
На тых крэслах сам бог сядзіць.
— Увайдзі, божа, у панскія пакоі.
— Я не пайду ў панскія пакоі,
Але пайду ў роўнае поле,
У роўнае поле па мяжах хадзіці,
Па мяжах хадзіці — жыта радзіці.
А ўсіх жыта харашусенька,
Нашага пана ўсё найлепшае,
Найлепшае, ядранейшае.
Яно сцяблом сцяблыністае,
А коранем караністае
І коласам каласістае,
Яно пад гару пахіліўшыся.
Як пан араў, валы бушавалі,
Як пан барнаваў, конікі іржалі.
Жнуць яго жнейкі маладзенькія,
Іх сярпочкі залаценькія.
Яны самі, як ластаўкі,
Іх галоўкі, як макаўкі.

  1. Рэфрэн паўтараецца пасля кожнага радка.