Старонка:BNT.Valacobnyja piesni.djvu/101

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Іграючы, спяваючы,
Слаўнага сяла пытаючы,
Слаўнага сяла, шырокага двара,
Шырокага двара, багатага гаспадара,
Ці дома пане гаспадару?
Хоць удома, не акажацца -
Сядзіць у хляве абуваецца,
Абувае боты храмовыя,
Кладзе шубу мядзведзеву,
Падпяразае пояс — ясен месяц,
Па пакоі ходзіць, служак пабуджае:
— Ўстаньце, служкі, ўстаньце, дарагія.
У нас сягоння дзіва здзівілась:
Дзевяць кароў ацялілась,
Дзесята цяліца цяліцца маніцца,
Хлявец авец пакацілася.
Асядлайце каня варанога -
Я й паеду поле аглядаці,
Поле аглядаці,
Поле аглядаці, ці будзе што жаці.
Еду ў поле і другое,
На трэцяе ўз’язджаю і Юр’я страчаю.
— Куды, пане гаспадару?
— Еду ў поле жыта аглядаці,
Жыта аглядаці, ці будзе што жаці.
— Каля твайго жыта сам бог ходзіць,
Сам бог ходзіць, ключом звоніць,
Ключом звоніць, зямлю адмыкае,
Зямлю адмыкае — расу выпускае.
Пры дарозе жыта ўдалося,
А ў лагчыне ў трубы павілося.
Там на ўзгорку пахілілася,
Там жнуць жнейкі маладзенькія,
У іх сярпочкі залаценькія.
Першая жнейка — гаспадынька,
Другая жнейка — нявестачка,
Трэцяя жнейка — дачушачка,
Што й слядочак, то й снапочак,
Што й снапочак, то й бабачка,
Што й бабачка, то й копачка.
Часцей-гусцей зорак на небе,
Часцей зорак копак на ніве,
Дай жа божа, пане гаспадару,
Жыці-быці, жыта павазіці,