Старонка:Apaviadanni 1912.pdf/27

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ІМЯНІНЫ.

Ешчэ за месяць да пісаравых імянін усё панства м-ка В. знала, што пісар першаго сенцябра імяніннік, і кожны мястэчковы пан даўно ужо вострыў зубы на гэтые імяніны. Усё мястэчковае панства зьбіралося кожны вечэр у каго-небудзь з паноў, пілі гарэлку, гралі ў карты, абівалі свае языкі аб косьці таго, хто ня ўмеў, або не хацеў пападаць ім у тон і туляўся ад іх зборышч.

Гэтак і не агледзіліся, як падыйшоў дзень імянін.

Зачыніўшы манапольку, Амельян Шурпаты, сядзелец тамтэйшы, пайшоў да пісара. Па дарозе ён клікнуў вурадніка Дарафея Бойку. Покі вураднік зьбіраўся, з другога канца падыйшоў дзяк. Да іх ешчэ прылучыліся дыякон з хвэльчарэм, і ўся кампанія памандравала да пісара. Амельян Шурпаты ўсю дарогу гаварыў сьмешные рэчы. Яго расказы вядомы былі тым, што ў іх было ў сто разоў больш гразі, як сьмеху і розуму. А калі ён ужо надта дацінаў, кампанія хваліла яго. І самаю высшаю хвалою для сядзельца было тое, як яго сябрукі скажуць: «А ліха-ж яго матары!» Або: «А бадай ты апруцянеў!»

Пісар Сямён Гаўрылоўскі даўно ўжо чэкаў гасьцей, паходжываючы па пакою, курачы папіросу і пакручываючы вусы. У сталовай ужо быў гатоў стол, на каторым стаялі бутэлькі і цэлые горы закускі. Пісар вясёла пазіраў на стол і часамі усьмехаўся сам сабе,