Старонка:Apaviadanni 1912.pdf/25

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

На момэнт у хаці зрабілося ціха. Усе пазіралі на «пісара».

А «пісар» сядзеў важна і агледаў пісарскіе прылады. Канец пера быў зломаны, у антрамэнтнай пляшкі не хватала палавіны рыла. «Пісар» апусьціў пяро ў каламар, паднёс пасьля да лямпы і стаў прыгледацца.

— Ці-ж гэта атрамэнт? саладуха нейкая!—сказаў ён.

Хата затраслася ад сьмеху. Сьмеяліся не с таго, што сказаў Міхалка — ўсім было сьмешна бачыць Міхалку пісарам.

Міхалка ўжо хацеў кінуць пісарства і вылезьці з за стала.

— Дык што пісаць? — спытаў ён злосна.

Падняўся ешчэ большы сьмех.

— Ось я табе зараз скажу, — і стартста пастараўся зрабіць надта мудрую міну. Іон скрывіў на бок галаву, завярнуў вочы ў самы лоб, а аднэю рукой чухаў сківіцу. Яму даводзілося чуць неколькі разоў, як чыталі кантракты, але ён не хацеў паказаць гэтаго: нехай знаюць палешукі, што ён дыхтуе сам з сваей галавы.

— Пішы! — сказаў стараста да Міхалкі: - мы, ніжэпадпісаўшыеся мужыкі з в. Ямішч, скліканые нашым старастам…

— Чаго ты паляцеў, як вол у гіз! — крыкнуў Міхалка. Але старасьце далей ляцець не было куды: хоць забій, далей ні слова ня помніў. Аж холадна зрабілося старасьце: пачаць то пачаў, але чым скончыш? як тут выкруціцца?

Міхалка тым часам прыглядаўся да пісаньня. Першым дзелам ён пасадзіў вялізную «варону» на папер. А як гэта капка непатрэбна, то ён размазаў яе ірукавом і пачаў вывадзіць каракулі, высалапіўшы язык сярпом скрывіўшы яго на правай палавіне рота.