Старонка:Apaviadanni 1912.pdf/24

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Калі так, сказаў стараста, то будзем пісаць прыгавар. Толькі-ж не разходзьцеся хлопчыкі!

II.

А тым часам глаўнае было ўсё ў перэдзі: дастаць аркуш паперу для кантракта, асадку, атрамэнт, пяро. Гэта ўсё такіе рэчы, каторых палешукі не ужывалі з тых часоў, як паўстаў сьвет Божы. Стараста разаслаў ганцоў ва ўсе куты в. Ямішч. Зьмяты аркуш паперы дасталі у Бэркі. Па атрамэнт і асадку прышлося ісьці за дзьве вярсты да старога Ірша. Прайшла добрая гадзіна часу, покі ўсе патрэбные рчэы былі раздабыты.

Цяпер на самае важнае мейсцо выступіло пытаньне: хто-ж будзе пісаць кантракт? Паклікалі-б жыда, дык шабас — ня пойдзе. Усе палешукі, у тым знаку і стараста, пісаць ня ўмелі. А як трэба было заверыць якую бумагу, то стараста браў сваю печатку, трымаў яе над запаленым карчом або лучынаю, покі на ей не нарастаў здаровы слой куру, і прыкладаў да бумагі, паплеваўшы на тое мейсцо, гдзе павінна быць печаць. І «яміцкі сельскі стараста» не раз стаяў да гары нагамі.

Палешукі пачухалі патыліцы. Але яны зараз жэ пачалі таўчы пад бок Міхалку Варэйку.

— Хадзі, Міхалка, ты-ж распісываўся ў воласьці.

— Распісацца магу, а кантракт чорт яго напішэ,—упіраўся Міхалка.

Тут Міхалку падхапілі пад рукі, двое цягнулі яго за крызы каптана, неколькі чэлавек пхалі ззаду і такім парадкам дамарослаго пісара цягнулі праз ўсю хату, як мурашкі хрушча. Другіе палешукі разступіліся, і Міхалку пасадзілі за стол. Стараста зьняў лянпу, паставіў у гаршку на стол, а каб яна не хісталася, насыпаў ў гаршчок ячменю.