Старонка:Apaviadanni 1912.pdf/23

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Старонка праверана

Стараста ўжо неколькі разоў падымаўся на услон, пытаў, ці ўсе сабраліся, лаяў Кастуся Рылку што той доўга ня йшоў.

— Ну, ўжо ёсць больш, як тры чэцьверці гаспадароў, — сказалі мужыкі.

— Дык будзем рабіць сход, пачаў старшыня: Грыгор Бугай, Пятрусь Грэнка, Янка Вясёлы і Васіль Кукса хочуць ўзяць ад обчэства у арэнду рэку і тоні.

«Арэндатары» стаялі асобна. Твары іх былі сурёзные.

Як толькі стараста змоўк, палешукі, як па камандзе загаманілі на ўсе лады. Тут былі ўсякіе галасы: адзін трэшчаў, як трашчотка, другі вырываўся рэзка, праразьліва, як жалезны клін, трэці вёў тонка, чацьвёрты хрыпеў, як люлька стараставаго бацькі, пяты сыпаўся гарохам, шосты гуў чмялём, а ўсё гэта зьлівалося з басам якого небудзь Данілы.

Але ў рэшці верх узяў голас Васіля Куксы. Іон так стараўся — вытрашчыў вочы, махаў капшуком і люлькаю.

— Якая цяпер ў чорта рыба? — крычаў Кукса: — хоць бы на невад адышло!

— На колькі год бярэце ў арэнду?

— На шэсць. Але…

— Колькі арэнды ў год? — пытаў стараста у схода.

— Пятнаццаць рублёў! — гукнула большая палавіна палешукоў. Праўда, некаторые крычалі 18, другіе — 12, а самы арэндатары стаялі за дзесяць.

— Дык як жэ будзе?

— Ніхай бяруць за дванаццаць, сказаў Мікіта Крынічны.

— Усе сагласны?

— Сагласны!