Старонка:Apaviadanni 1912.pdf/21

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Мо прынясьці сьвянцонай вады?—спытала Марцініха.

Яе ніхто не паслухаў.

А Сёмка тым часам зьбіраўся зьняць абвязку з доўжніка.

Усе, хто тут быў, накрылі галовы, хто чым папала. У гэты час над вухам Марціна загуў авадзень. Марцін падумаў, што пчэла, і прыгнуў галаву да самай зямлі, а Гілёрык намерыўся бегчы.

— Не варушцеся, бо пазаедаюць, — сказаў Сёмка, зьняў абвязку і выняў салому з вочка.

Пчол нігдзе не было відаць.

— Што-ж яны не лятуць? — Спытаў Сёмка с трывогаю і злегка стукнуў кулаком па вульлі, прыхіліўшыся, колькі пазваляло рэшато, да вульля.

— Што за ліха?.. Дай Марцін, сякеры, адчынім галаву.

Прынясьлі сякеру. Сёмка дастаў круг.

Усе проста так і замерлі.

— А ліха-ж яго матары! — крыкнуў Сёмка зірнуўшы ў вулей: — от падвёў гад, каб яму жывот падвяло! Нічога, брат, німа ў вульі. Пусты! А бадай яму пуста было жыць!

Усе зарагаталі. Маладые хлопцы-падшывальцы давай скакаць каля Сёмкі і крычаць:

— Дай, дзядзечка, мёду!

— Трасцу ў бок,—вылаяўся Сёмка і пхнуў нагою ў вулей. Казлы схіліліся, і вулей грокнуў на зямлю.

— Я такі і казаў вам, што у Язэпа цяжкая рука, — вясела крыкнуў Гілёрык, рады, што вышло так як ён казаў.

— Маўчаў бы лепш, — сказаў Марцін, выходзячы з садка…