Старонка:Apaviadanni 1912.pdf/16

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

совы. Далёка-далёка, як с пад зямлі, данасіўся сабачы брэх.

І чуе Міхась: нешта загрукатало па дарозі. Прыслухаўся. Гук не сьціхаў і быў ўжо бліжэй. Ужо можна распазнаць, што нехта едзе. Колы біліся аб карэньня і скрыпелі.

Міхась пасьмялеў.

Гук і скрып калёс саўсім ужо бліска.

Міхась скінуў кажух, вывярнуў у верх шэрсць і накінуў на сябе. У шапку наткнуў дзве палачкі заміж рожак і прытуліўся пад хвоей.

Іван спаў, як забіты.

Пад’ехаў воз.

На возі лежалі мяхі з мукой, а на мяхох сядзеў мужык. То быў Пятрусь Гвозьдзь, той самы Пятрусь, што летась украў у Міхася з лесу тры вязы. Пятрусь ехаў з млына; сядзеў ён на возе без шапкі і маліўся Богу, едучы цераз гэтае страшнае месца.

IV.

— Стой! Крыкнуў Міхась, выскачыўшы с пад хвоі і схапіўшы каня за аброць.

Пятрусь так і абамлеў.

— Дык вот ён які чорт! Гаварыў Міхась: — ах, ты халера!

Пятрусь трохі апомніўся. К яму вярнуўся язык і памяць.

— Уцекай з дарогі, бо канём раздушу!

— Як?! ты мяне з дарогі гоніш?

— Уцекай кажу, а то ешчэ нюхаўку сабью.

— Ты мне?! Ды ты знаеш, то я?

— Ну, хто ж ты?

— Ага! Хто я! Папробуй выцяць.