Старонка:42 докумэнты і двое Жвіроўскіх (1926).pdf/69

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

свой шызы, аброслы куца падстрыжанай шэрсьцю, зморшчаны твар.

На полудзень прышоў сын. Прышоў, як за звычай, цёмны, насуплены. З-пад зьведзеных броў палахліва блішчэлі вострыя вочы, вочы загнанага зьвярка.

Бацька, як сына ўбачыў, адразу затросься, зашамаў бязгучна дрыжачымі вуснамі. Хацеў нешта сказаць, хацеў закрычаць, але замест гэтага вырваўся толькі дзікі зашчэмлены віск.

Ён кінуўся к сыну, схапіў сваімі касьцянымі пальцамі сына за вуха, вывеў моўчкі з хаты і з усёй сілы штурхнуў за вароты. Сам вярнуўся ў хату, зашчапіў дзьверы і сеў зноў на ложку — чорны, страшны, як нейкая дзікая крыважэрная птушка.

Сын адразу сьцяміў, у чым тут справа.

Ён пастаяў часінку на месцы, зірнуў, вока прыжмурыўшы, на пякучае яснае сонца, падшмаргнуў разы са два носам і пашоў па завулку, адважна махаючы левай рукой, задраўшы задорна ўгару востры нос — дзюбку птушыную.

Пашоў расказаць у сваім піонэрскім атрадзе, як выгнаў яго несьвядомы, політычна-адсталы бацька.

Так разлучыліся двое Жвіроўскіх.

Жвіроўскі-бацька і Жвіроўскі-сын…