Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/93

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Беларусі, Літвы і Украіны. Гэта Цэнтральны Камітэт зрабіў у канцы верасьня і пачатку кастрычніка 1862 году. Два члены Цэнтральнага Камітэту едуць у Лёндан да Герцэна і вязуць да яго ліст ад жонду, датаваны 20-м верасьня і зьмешчаны потым у „Колоколе", у нумары за 1 кастрычніка 1862 г. Ліст зьмяшчае ў сабе наступную програму Камітэту па нацыянальнаму пытаньню.

Цэнтральны Камітэт прызнае за кожным народам, што ўваходзіў у склад былой Польшчы, поўнае права распараджацца сваім лёсам. Тым ня менш Камітэт змагаецца за адзіную суцэльную, непадзельную Польшчу, якую складаюць уласная Польшча, Літва, Беларусь і Украіна, прычым у будучай адзінай дзяржаве не павінна быць гегемоніі ні аднаго з гэтых народаў. Будуючы новую Польшу ў старых яе межах, Камітэт заяўляе, што кожны з вышэйназваных народаў мае права ці застацца ў сувязі з Польшчай, ці кіравацца паводле сваёй волі. Аднак, у сучасны момант падрыхтоўкі да паўстаньня Камітэт будзе лічыць сваім абавязкам накіраваць усе намаганьні на тое, каб Літва, Беларусь і Украіна ішлі разам з Польшчай, каб паўстаньне абхапіла ўсе часьці былое Рэчы Паспалітай Польскай. У канцы ліста Камітэт выказвае пажаданьне весьці працу разам з расійскай рэволюцыяй, адзначаючы, што братэрская сувязь паміж палякамі і расшчамі, утвораная на зямлі# польскай, дадасьць абодвым баком сілы для выкананьня мэтаў, да якіх імкнуцца абодвы народы.[1] Герцэн спачуваюча аднёсься да такога разьвязаньня Цэнтральным Камітэтам нацыянальнага пытаньня. Крыху пазьней, разьбіраючы ліст Камітэту, ён піша, што пачынаецца новая эпоха ў барацьбе Польшчы за незалежнасьць.

Затое ў самой Польшчы ў розных колах пачаліся дакоры ў адносінах да Камітэту. Асабліва абураўся лістом да Герцэна Л. Мераслаўскі. Ён гаварыў, што Камітэт фактычна адмаўляецца ад старых гістарычных граніц Польшчы, бо ён дае права Беларусі, Літве і Украіне аддзяліцца ад Польшчы і гэтым самым пакідае іх у межах Расіі. На гэтыя дакоры Цэнтральны Народны Камітэт даў адказ у нумары 10 часопісу „Ruch”. У сваім адказе Камітэт імкнецца лепш вытлумачыць свае адносіны да разьвязаньня нацыянальнага пытаньня будучым паўстаньнем.

Сутнасьць адказу такая. Паўстаньне, апроч непадлегласьці Польшчы, павінна даць вольнасьць усім насельнікам Польшчы, а таксама роўнасьць і ўшанаваньне правоў тых народаў, што злучаны з Польшчай. Такія правы Камітэт прызнае за Беларусьсю, Літвой і Украінай. Такім прызнаньнем Камітэт не адрывае, а наадварот толькі злучае іх з сабою. Цэтральны Камітэт не ўяўляе сабе іншае Польшчы, як толькі ў яе даўных гістарычных межах, але з вольнымі народамі, якія дабрахвотна ўвойдуць у яе склад. Толькі такім шляхам магчыма пабуда-

  1. I. Grabiec – Rok 1863 Wyd. II Poznan. 1922, ст. 167-7