Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/82

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

дзілі Хмяленскі і Матушэвіч. Камітэт меў сваю пячатку, на якой былі напісаны першыя тры літары прозьвішчаў членаў Камітэту.

Поруч з Мясцовым Камітэтам існуе яшчэ Акадэмічны Камітэт, які ня хоча прызнаць яго кіраўніцтва. Акадэмічны Камітэт складаецца з студэнтаў Мэдычнай Акадэміі, Школы прыгожага мастацтва і Земляробскай школы. Па некаторых зьвестках Акадэмічны Камітэт яднае каля 25 тысяч моладзі. Прычым сюды ўваходзіць шмат і рамесьніцкай моладзі. Сябры організацыі плацяць членскія складкі і прымаюць спэцыяльную прысягу.

Мясцовы Камітэт пачаў дабівацца, каб Акадэмічны Камітэт падпарадкоўваўся яму. З гэтаю мэтаю адбыліся два супольныя пасяджэньні абодвых камітэтаў: адно ў канцы мая, другое ў пачатку чэрвеня. Пасяджэньні адбываліся вельмі бурна. Дзякуючы настойваньням і ўгаворам Я. Дамброўскага моладзь Акадэміі павінна была пайсьці на ўступкі. Акадэмічны Камітэт вынес пастанову, што ён згодзен распусьціць сябе і ўсе свае організацыі перадаць Мясцоваму Камітэту. Ад акадэмікаў была абрана адна асоба (Данілоскі) у склад Мясцовага Камітэту. Пасьля гэтага Мясцовы Камітэт зрабіўся адзіным цэнтрам усяго чырвонага руху.

Галоўнай бядою Мясцовага Камітэту была адсутнасьць фінансавых сродкаў. На гэтым грунце памяркоўная частка Камітэту ідзе на згоду з больш левымі коламі Дырэкцыі, якая ў гэты час мае сродкі. Памяркоўныя члены Камітэту настойваюць на перавыбарах Комітэту і на ўводзе ў яго склад прадстаўнікоў Дырэкцыі. Па гэтаму пытаньню ў Камітэце адбываецца вялікая барацьба паміж крайнімі чырвонымі і памяркоўнымі. Перамогу на нядоўгі час атрымалі памяркоўныя. У новы склад Камітэта былі ўведзены прадстаўнікі белых, у тым ліку К. Маеўскі. Але Мясцовы Камітэт у такім складзе існаваў ледзь некалькі дзён. Чырвоныя прымусілі белых выйсьці з Камітэту. Барацьба за склад Камітэту цягнецца цэлы месяц. К канцу чэрвеня ў Камітэце большасьць чырвоная, што не перашкаджае, аднак, іграць у Камітэце даволі значную ролю вельмі памяркоўнаму, нават беламу Гілеру. У канцы чэрвеня Мясцовы Камітэт ухваліў прыняць назву Цэнтральнага Народнага Камітэту. Гэтая назва замацоўвала за ім значэньне адзінага цэнтру руху і паўстаньня. Камітэт заявіў на ўвесь край, што ён адзін прадстаўляе інтарэсы ўсяго народу, ня гледзячы на існаваньне Дырэкцыі.

З самага пачатку мы назіраем сувязь рэволюцыйнага руху ў Польшчы і Беларусі з рэволюцыйным рухам у Расіі. Рэволюцыйны пад‘ём у Расіі вызначыўся ў канцы 50-х і пачатку 60-х гадоў. Усюды растуць опозыцыйныя гурткі, асабліва ў сталіцах. Рэволюцыйны рух у Беларусі і ў Польшчы асабліва шчыльна зьвязаны з Пецярбургам.

Яшчэ ў канцы 50-х гадоў утварыўся опозыцыйны гурток сярод офіцэраў, што вучыліся ў пецярбурскай акадэміі генэральнага штабу.