Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/8

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ным організмам будучай Польшчы, чырвоныя на Беларусі, Ліцьве і Украіне былі незадаволены тэорыяю і асабліва практыкаю Варшаўскага Цэнтральнага Камітэту ў нацпытаньні. Яны ня раз ставілі пытаньне аб нейкіх пэўных формах політычнай незалежнасьці нацыянальных тэрыторый. Дзякуючы гэтаму яны часта выклікалі з боку паўстанцаў-палякаў, нават чырвоных, абвінавачаньне ў сэпаратызьме. На гэтым грунце на Украіне адбыўся адыход ад паўстаньня 1863 году цэлай групы так званых хлопаманаў.

У паўстаньні прымалі ўдзел розныя соцыяльныя групы, незадаволеныя ў той ці іншай меры політыкаю Расійскага царскага самаўладзтва. Былі тут і буйныя земляўласьнікі, уцягнутыя ў капіталістычную сыстэму гаспадаркі і выступаючыя проці расійскага фэўдальна-самаўладнага рэжыму. Апроч таго, многія з іх былі незадаволены царскім урадам у сувязі з конфіскацыяй польскіх маёнткаў пасьля паўстаньня 1831 году і перадачай гэтых маёнткаў рускім земляўласьнікам, што пагражала моцнасьці іх палажэньня. Былі тут і прадстаўнікі ўзросшай фабрычна-заводзкай прамысловасьці і ўзмацнелага гандлю, якія былі нязгодны з прыгонна-юнкерскай політыкай царызму. Галоўную масу паўстанцаў складалі: а) дробная, зьбяднелая, пролетарызаваная шляхта; розначынная інтэлігенцыя і дробная буржуазія гораду і вёскі, што вышле з яе (шляхты) малазямельных ці абезьзямеленых шэрагаў; б) рамесьнікі і рабочыя, якія па гарадох і мястэчках ужо існавалі ў даволі значнай колькасьці, але якія яшчэ ішлі ў паўстаньне, як найбольш рэволюцыйная частка дробнай буржуазіі і в) частка сялянства па вёсках, для якога сучасны політычны і соцыяльны строй царскай Расіі быў нявыносны. Вельмі добрую характарыстыку ўдзелу сялянства ў паўстаньні 1863 году робіць т-ш Ч. Ясінскі. „Сялянства складала пераважную большасьць насельніцтва і потэнцыяльна было галоўнай рэволюцыйнай сілаю, якая магла ўзарваць існуючы лад. Агульныя адносіны сялянскай масы ў этнографічнай Польшчы да нацыянальна-вызваленчага руху засталіся вычакальна-нэўтральнымі, што само па сабе было вялізарнай перамогай царызму.. Часам гэтыя адносіны пераходзілі ў варожую нэўтральнасьць ці выразную варожасьць, асабліва сярод самых забітых пластоў прыгоннага сялянства. Актыўны ўдзел сялянства ў паўстаньні ці цяга да яго выявілася галоўным чынам сярод параўнаўча заможнага сялянства, якое перайшло на аброк яшчэ ў дапаўстанчую эпоху, якое было больш уцягнута ў таварна-грашовыя экономічныя адносіны і якое было больш блізкім да дробна-буржуазнага соцыяльнага тыпу".[1]

Тое, што т-ш Ч. Ясінскі гаворыць у адносінах да этнографічнай Польшчы, у асноўным трэба прыняць, і для тэрыторыі Беларусі, з некаторымі толькі дадаткамі. На Беларусі мы назіраем чынны ўдзел

  1. Ч. Ясинский. К вопросу о классовой сущности польского восстания 1863 г. Тезисы для доклада в Ком. Академии. Рукопись, ст. 5.