Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/7

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

У програму радыкальнай, чырвонай часткі польскіх паўстанцаў увайшло пытаньне аб утварэньні ў гэтых краінах аўтономных дзяржаўных організмаў, якія, зрабіўшы разам з Польшчаю паўстаньне і вызваліўшыся разам з ёю з-пад пяты царызму, і надалей існавалі-б у той ці іншай сувязі з ёю. Паўстанчы Цэнтральны Народны Камітэт у Варшаве ў канцы 1862 году офіцыяльна заяўляе, што паўстаньне, апроч непадлегласьці Польшчы, павінна даць вольнасьць усім насельнікам Польшчы, а таксама роўнасьць і ўшанаваньне правоў усіх народаў, злучаных з Польшчай. Такія правы Цэнтральны Камітэт прызнае за Беларусьсю, Літвой і Украінай. Праўда, Камітэт не ўяўляе сабе іншай Польшчы, як Польшчы адзінай і непадзельнай, у даўных яе межах, але з вольнымі народамі, што дабрахвотна ўвойдуць у яе склад. „Не надужыцьцямі ўтрымліваюцца провінцыі і народы ў еднасьці і згодзе, а ўшанаваньнем волі і індывідуальнасьці народнай”.[1] Ня толькі белыя, але нават і Л. Мераслаўскі былі вельмі незадаволены гэтай дэклярацыяй Цэнтральнага Камітэту. Мераслаўскі, напрыклад, лічыў нацыянальную дэклярацыю Камітэту новым падзелам Польшчы, які парушае еднасьць дзяржавы. Але, калі Варшава пад тымі ці іншымі ўплывамі забываліся аб сваёй дэклярацыі, то Вільня, калі там на чале паўстаньня стаялі чырвоныя, вельмі рашуча напамінала Варшаве аб сваіх „сэпаратыстычных“ тэндэнцыях.

Цэлы шэраг фактаў даводзіць нам, што ў сваёй штодзённай практыцы Варшаўскі паўстанскі цэнтар, асабліва калі ў ім пераважалі радыкальныя, чырвоныя элемэнты, ня толькі не выключаў, але, наадварот, прызнаваў, абапіраўся, дапамагаў і зьвязваўся з паўстанскімі цэнтрамі іншых нацыянальных тэрыторый, як напрыклад, з Віленскім паўстанскім цэнтрам. У некаторых выпадках за Віленскім паўстанскім Камітэтам пакідалася пэўная самастойнасьць у той меры, у якой гэта было магчыма ў напружаныя часы паўстаньня, якое вымагала ад удзельнікаў патрэбнай концэнтрацыі сіл і сродкаў. Разам з гэтым мы назіраем вельмі частыя спрэчкі паміж Варшаўскім і Віленскім паўстанскімі цэнтрамі. Гэтыя спрэчкі і наогул прынцыповыя разыходжаньні паміж паўстанцамі Варшавы і Вільні найчасьцей залежалі ад белага ці чырвонага складу таго ці другога цэнтру. Часта яны афарбоўваліся ў нацыянальны колёрыт.

Польскае паўстаньне 1863 году было для Беларусі і на Беларусі тэрыторыяльным беларускім паўстаньнем. Для кожнай закранутай паўстаньнем нацыянальнай тэрыторыі паўстаньне 1863 году было нацыянал-дэмократычным рэволюцыйным рухам, які меў сваёю мэтаю вызваліць яе з-пад пяты расійскага царскага самаўладзтва і ўтварыць у будучыне новыя соцыяльныя і політычныя ўмовы жыцьця. Прыйманай-агульнае кіраўніцтва Варшавы і прызнаючы сувязь з політыч-

  1. Падпольны часопіс „Ruch”, 1862 г. №10.