Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/69

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

офіцыйны адказ Дамэйкі і Штраўса ў тым сэнсе, што яны зьлякаліся за сваю скуру і далі адказы, не адпавядаючыя рачаістасьці. Поліцыя змагалася з маніфэстацыямі, але спыніць іх не магла.

Тады Назімаў, 24-га жніўня, абвясьціў так званае ваеннае палажэньне ў гарадох—Вільні, Горадні, Беластоку, Бельску, Берасьці з іх паветамі і ў Ковенскай губэрні без Новааляксандраўскага павету. Карыстаючыся ваенным палажэньнем, поліцыя і жандары рабілі ўвесь час вобыскі ў вызначаных мясцовасьцях. Звычайна шукалі зброю і адбіралі яе, накладаючы адначасна кары за яе хаваньне. Адбіраліся нават паляўнічыя стрэльбы. На гэтай глебе рабілася шмат злоўжываньняў. Поліцыя і жандармэрыя рабілі, што хацелі. Скаргі на злоўжываньні ня прымаліся. Усё гэта яшчэ больш рэволюцыянізавала опозыцыйныя колы краю і павялічвала іх колькасьць і ўплывы на грамадзянства.

Нават і пры абставінах ваеннага стану непарадкі на Беларусі і Літве ня спыняліся. 27-га жніўня сабралася маніфэстацыя каля касьцёлу ў Горадні, якая скончылася без праліцьця крыві толькі дзякуючы „дыплёматычнаму“ паводжаньню ксяндза Маеўскага. У пачатку верасьня былі організаваны провады з кацячым концэртам горадзенскаму губэрнатару, які пакідаў сваю пасаду. У Коўні спаткалі каменьнямі карэту генэрала Заблоцкага, які ў Варшаве 27-га лютага даў войску загад страляць у дэмонстрантаў. Такіх здарэньняў было шмат і ў іншых мясцовасьцях.

ОРГАНІЗАЦЫЯ КОЛА І ДЫРЭКЦЫІ Ў ПОЛЬШЧЫ.

Як ужо было сказана вышэй (гл. разьдзел „Пачатак і разьвіцьцё опозыцыйнага руху ў Польшчы“) у Польшчы яшчэ з канца 1857 і пачатку 1858 году пачалі ўтварацца радыкальна-опозыцыйныя гурткі, якія ў канцы 1859 году былі аб‘яднаны наўкола так званай Варшаўскай Капітулы. Аб‘яднаньне было зусім слабое. У канцы 1860 году і гэтае аб‘яднаньне развалілася. Чырвоныя гурткі існуюць кожны сам па сабе. З іх выдзяляюцца тры гурткі—Дэмократычнае Таварыства Акадэмікаў, Старшы Камітэт і Камітэт для організацыі маніфэстацый. Усе гэтыя падпольныя гурткі ўжо ставілі сваёю мэтаю падрыхтоўку ўзброенага паўстаньня. Сярод членаў гурткоў выдзяляецца А. Кажанёўскі, пісьменьнік, па перакананьнях староньнік Мераслаўскага. Блізка стаіць каля яго студэнт школы мастацтва Шахоўскі, якога за яго крайнія перакананьні ў студэнцкіх колах называлі Маратам. Апроч іх трэба назваць Сікорскага, Целецкага, братоў—Яна і Леона Франкоўскіх, У. Данілоўскага, Ю. Вершчынскага і іншых. Усё гэты былі мераслаўшчыкі, якія стаялі на дэмократычнай пляцформе. К, Маеўскі,