Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/64

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Найчасьцей ён зьвяртаўся да рэпрэсіўных мерапрыемстваў. Праўда, у ўрадавых колах прамільгнула думка аб тым, каб на зло опозыцыйнай польскай шляхце не пасылаць вайсковай сілы для засьмірэньня сялян. Але трудна думаць, каб урад мог строга вытрымаць гэтую лінію, дзякуючы яе небясьпечнасьці. Часам урад зьвяртаўся да сялян з уступкамі, як мы бачым з вышэйпаданага загаду, маючы на мэце як разрэджаньне згушчанай атмосфэры, так і атрыманьне політычнага капіталу. Ня гледзячы на ўсе гэтыя мерапрыемствы, сялянскія хваляваньні не прыпыніліся, а цягнуліся далей і ў 1862 годзе.

МАНІФЭСТАЦЫІ НА БЕЛАРУСІ Ў ЖНІЎНІ 1861 ГОДУ.

У той час як у вёсках хваляваліся сяляне, у гарадох адбываліся ўсякага роду дэманстрацыі і маніфэстацыі. Асабліва яны ажывіліся ў жніўні 1861 г. У гэтым месяцы адбыліся дзьве самыя буйныя маніфэстацыі ў Вільні; яны перакінуліся і ў іншыя гарады Беларусі. Днямі гэтых маніфэстацый былі 12-е і 18-е жніўня.

У пачатку жніўня пачала пашырацца на Беларусі выданая ў Варшаве проклямацыя. Яна вызначала, што 12, VIII, 1569 году ў Любліне адбылася унія Польшчы з Літвой і Беларусьсю і заклікала ўсіх сьвяткаваць гэты дзень, каб паказаць усяму сьвету, што палякі, літвіны і беларусы зьяўляюцца дзецьмі адной сямі, грамадзянамі аднае дзяржавы белага арла і пагоні. Урачыстасьць еднасьці народаў, якія складалі старую Польшчу, павінна адбыцца на ўсёй тэрыторыі былай Рэчы Паспалітай. Сэнс проклямацыі і сьвяткаваньня гадавіны Люблінскай уніі для нас ясны. Сьвяткаваньне гэтай гадавіны, як на Беларусі, так і ў іншых краінах былой Польшчы павінна было паказаць усяму сьвету, што Беларусь, Літва і Украіна хочуць быць не пад двухгаловым арлом Расіі, а пад белым арлом Польшчы.

Распачалася шырокая падрыхтоўка да сьвяткаваньня, організацыю якога найчасьцей брала на сябе земляўласьніцкая шляхта. У падрыхоўцы прымалі ўдзел і чырвоныя колы. Організатарам удалося наладзіць сьвяткаваньне ў многіх гарадох і мястэчках Беларусі, ня гледзячы на тое, што поліцыя даведалася аб гэтым і намагалася сарваць дэмонстрацыйнае сьвята.

У Вільні 12 жніўня адбылося ўрачыстае набажэнства ў касьцёле Яна. Публіка запоўніла касьцёл да адказу. Лік прысутных даходзіў да 3000 чалавек. Публіка складалася з шляхты, урадоўцаў, вучнёўскай моладзі і рамесьнікаў. На ўсіх былі патрыятычныя адзнакі, жэтоны і эмблемы. Усе жанчыны былі апрануты ў белыя вопраткі, бо жалоба па айчыне на гэты ўрачысты дзень была скасавана. Публіка сьпявала рэволюцыйныя патрыятычныя гімны. Пасьля дзённага набажэнства ўсе спакойна разышліся, каб зноў сабрацца ўвечары. А шостай гадзіне