Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/63

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Міхнёў дапускаў страшэнныя гвалты ў адносінах да „бунтаўнікоў“-сялян.

Ня гледзячы на жорсткія засьмірэньні, сялянскія хваляваньні ня спыняліся. Яны з новаю сілаю падымаліся то ў адным, то ў другім месцы. Ня было іншага выхаду, як рабіць у той ці іншай форме нязначныя палёгкі і ўступкі незадаволенаму сялянству. Гэтыя палёгкі і ўступкі разам з тым давалі свайго роду політычны капітал расійскаму ўраду ў барацьбе з опозыцыйнай земляўласьніцкай шляхтай, бо царскі ўрад выступаў тут, як „абаронца“ селяніна. У сувязі з усім гэтым Віленскі генэрал-губэрнатар заняўся распрацоўкаю ўрадавага загаду аб скасаваньні так званых згонных дзён, якія асабліва абуралі сялянства проці паноў і ўлады, бо адрывалі вялікую масу рабочых сялянскіх рук ад працы на іх ўласных гаспадарках і цягнулі ў панскі двор для панскіх патрэб.

Загад генэрал-губэрнатара па гэтаму пытаньню гаворыць так: „Мною ўяўлены некаторыя меркаваньні ў адносінах да згонных дзён, так званых гвалтаў, якіх вымагаюць ад сялян земляўласьнікі ў самы гарачы рабочы час, звыш паншчынных дзён, і якія складаюць ад 12 да 15 дзён з душы. Гэтая павіннасьць па аднагалоснай заяве сялян ёсьць самая цяжкая і стратная“.[1] Выходзячы з гэтага генэрал-губэрнатар загадуе земскім поліцыям наступнае: „1) У губэрнях Віленскай, Горадзенскай і Ковенскай па ўсіх сялянскіх вучастках, з якіх да гэтых часоў адбывалася больш 8 згонных дзён з рабочай душы па інвэнтару, зьменшыць лік гэтых дзён да 8, прыстасоўваючы гэтае правіла і да тых маёнткаў, дзе згонныя дні былі вызначаны лічбай з двара. 2) Спачатку будучага летняга пэрыоду работ, зьмест згонаў, якія належаць земляўласьніку з кожнага сялянскага вучастку, лічбу згонных дзён разьмеркаваць так, каб тры пятых іх былі аднесены на летні згон і дзьве пятых на зімні; апроч таго, гэтыя дні раскладаць па тыднях кожнага сэзону пароўну. 3) Скасаваць адразу ўсе дадатковыя павіннасьці, вызначаныя ў пункце 2 артыкулу 126 „Мясцовага Палажэньня“ для тутэйшых губэрань, іменна: (шарваркі) для рамонту панскіх будынкаў, варту, начны каравул пры панскім двары і іншыя на карысьць пана каравулы; таксама нявызначаныя аднолькавым лікам дзён у годзе павіннасьці, напрыклад: ранкі і абкурваньне для малацьбы хлеба, дапамога ў лоўлі рыбы, мыцьцё і стрыжка авечак, дагляд рабочага быдла, пасадка, паліўка, поліва і ўборка гародаў і інш. 4) Калі ў якім-небудзь маёнтку, дзе ня будзе ўведзена ўстаўная грамата, выявіцца, што працоўная павіннасьць перавышае 23 рабочых дні, дык ў такіх маёнтках зьменшыць яе да 23 дзён“.[2]

Такім чынам мы бачым, што сялянскія непарадкі зьвярнулі на сябе ўвагу расійскага ўраду. Урад рэагаваў на іх рознымі спосабамі.

  1. Сборник документов музея гр. М. Н. Муравьева. Т. I. Вильна. 1906, док. № 198, ст. 192.
  2. Ibidem, ст. 193.