Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/57

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

там яны концэнтруюцца ў заходняй і паўднёвай частках Беларусі і зьвязаны з сялянскімі хваляваньнямі на Украіне і ў Польшчы.

У лютым 1861 году памёр вядомы украінскі пясьняр Тарас Шаўчэнка. Гэта была афяра мікалаеўскага рэжыму. Пахавалі яго на Украіне каля Канёва на высокім беразе Дняпра. Імя „мужыцкага песьняра” Тараса Шаўчэнкі было вельмі популярным нават і ў сялянскіх гушчах Украіны. Сяляне паміж сабою гаварылі, што царскі ўрад яго замучыў за тое, што пясьняр цьвёрда стаяў за лепшую долю украінскага мужыка і абараняў яго ад уціску паноў. Яшчэ з раньняй вясны пашырыліся чуткі, што ў магіле Шаўчэнкі схованы нажы, якія будуць разданы сялянам, калі будзе даны знак пачынаць паўстаньне проці паноў. Па чутках выходзіла, што такі знак будзе даны ў канцы чэрвеня. Як толькі будзе знак, сяляне павінны будуць узяць нажы і рэзаць паноў.

Такі настрой сялянства выкарыстоўваецца агітатарамі, сярод якіх выдзяляецца сваёю дзейнасьцю Грыц Чыстахоўскі. Да ўсіх пашыраных сярод сялянства чутак ён дадае, што за сялян стаіць царскі брат Канстантын. Як толькі сяляне Украіны падымуцца, ён сам стане на чале паўстаўшых і будзе тварыць вольную Украіну без паноў, прыставоў, ураднікаў і іншага начальства. У некаторых мясцовасьцях сяляне ўжо адмаўляюцца ісьці на паншчыну і пагражаюць паном. У іншых мясцовасьцях ідуць ужо напады на паноў і падпалы маёнткаў. Рух перакідаецца з месца на месца і паступова пашыраецца.

Зразумела, сярод земляўласьнікаў пачалася паніка. Яны зьвярнуліся за дапамогаю да Кіеўскага генэрал-губэрнатара Васільчыкава. Васільчыкаў даручыў справу засьмірэньня сялян Кіеўскаму губэрнатару Гессэ і жандарскаму палкоўніку Грабоўскаму. Яны пакіраваліся з вайсковаю сілаю ў Канёўскі павет. Сяляне павінны былі супакоіцца. Грабоўскі пачаў дазнаньне. У выніку дазнаньня было заарыштавана некалькі чалавек зачыншчыкаў, у тым ліку і Грыц Чыстахоўскі, як потым быў высланы ў Пецярбург. Аб далейшым лёсе яго ў нас няма матар‘ялаў.

Тым ня менш варожыя адносіны украінскага сялянства да паноў, якія ў большасьці сваёй былі палякамі, ня спыніліся. То там, то сям зноў адбываюцца непарадкі. Яны пашыраюцца і перадаюцца на поўнач у паўднёвую Беларусь, на Палесьсе, у Мазыршчыну і Піншчыну. Сялянства тут робіцца настарожаным і вельмі непакойным. Як і на Украіне, так і на Беларусі ходзяць агітатары, якія яшчэ больш хвалююць сялянскую масу. У некаторых вёсках Мазыршчыны і Піншчыны сяляне адмаўляюцца выходзіць на паншчыну. З Менску для засьмірэньня высылаецца вайсковая сіла.

У Заходнюю Беларусь агітацыя пранікае з Польшчы праз Падлясьсе. У пушчах і балоцістых лясох каля Кельцаў, Любліна, на Падлясьсі, у заходняй частцы Горадзеншчыны і іншых мясцовасьцях зьявіліся нейкія людзі, нікому з мясцовых жыхароў невядомыя. Яны