Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/56

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Беларусі. Асабліва моцнымі яны былі ў Гарадзеншчыне і на Літве, у Ковеншчыне.

У Горадзеншчыне найраней распачаліся непарадкі ў Беластоцкім павеце. Ніякія ўгаворы не памагалі. Сяляне рашуча адмаўляліся ісьці на паншчыну. Была прыведзена вайсковая сіла і разьмешчана па неспакойных вёсках. Толькі пасьля настояў і экзэкуцыя сяляне павінны былі здацца. Амаль-што адначасна захваляваліся сяляне каля Берасьця. Яны заяўлялі, што офіцыяльна абвешчаны царскі маніфэст аб вызваленьні падложны, што сапраўдная воля зусім іншая. Сюды для засьмірэньня некаторых была накірована вайсковая сіла пад камандаю жандарскага палкоўніка Праслава. Рашучы палкоўнік пачаў бязьлітасна наводзіць парадак бізунамі. Пасьля таго, як няшчадна, было зьбіта каля 200 чалавек, хваляваньні скончыліся і быў наладжаны „законный порядок". Адначасна з Берасьцем ішло бязьлітаснае засьмірэньне сялян у Пружанскім павеце.

Сялянскія хваляваньні на Беларусі і ў Ковеншчыне апісвае ў сваіх мэмуарах Якуб Гейштор. Ён кажа, што абвяшчэньне маніфэсту ў многіх мясцовасьцях Беларусі выклікала непарадкі. „Розныя людзі злой волі шырылі чуткі, якія баламуцілі сялян; не бракавала і надужыцьцяў з боку паноў. Сярод непарадкаў .у іншых мясцовасьцях гэтае няшчасьце спаткала і нашу ваколіцу (Гутарка ідзе аб Ковеншчыне. У. І.). Чапскія здаўна былі вядомы, як паны, што найгорш абыходзіліся з сялянамі. Стары Чапскі быў наўкола вядомы сваім уціскам над сялянамі. Эдуард Чапскі таксама ганяў сялян на паншчыну ад нядзелі да нядзелі".[1] Як раз у маёнтку Э. Чапскага сяляне ня вытрымалі ўціску і адмовіліся несьці паншчыну. Сялян доўга катавалі, пакуль, урэшце, яны здаліся. Цікава тое, што Гейштор, сам земляўласьнік, гаварыць, што сяляне мелі слушнасьць, калі бунтавалі, бо нават по старому інвэнтару яны былі павінны несьці паншчыну толькі 5 дзён на тыдзень, а ня 7, як вымагаў ад іх Чапскі.

У засьмірэньні сялян прымаў чынны ўдзел граф Юзэф Тышкевіч. Гейштор кажа,[2] што некаторыя думалі, што з яго будзе добры партызан, калі пачнецца паўстаньне. Але час паказаў, што гэта была абмылка: у Тышкевіча хапіла адвагі змагацца толькі з бяззбройным сялянствам. Тым. ня менш у часы патрыятычных дэмонстрацый Юзэф Тышкевіч быў дзейным іх удзельнікам. Адсюль магчыма зрабіць вывад, што сярод маніфэстантаў побач з чырвонымі, сярод якіх напэўна былі і тыя „людзі злой волі", якія „баламуцілі" сялян і аб якіх вышэй гаварыў Я. Гейштор,— дзейнічалі і белыя элемэнты паўстанцкай фронды, як, напрыклад, вышэйпамянёны Ю. Тышкевіч.

Ня гледзячы на засьмірэньне сялянскіх хваляваньняў, яны не прыпыніліся. Мы бачым, што яны цягнуцца лета і восень 1861 г. Ле-

  1. Pamietniki J. Gieysztora z lat 1857-1865. Т. I. Wilno, 1913, ст. 110.
  2. Ibidem, ст. 112.