Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/48

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ОПОЗЫЦЫЙНЫ РУХ НА БЕЛАРУСІ.

Опозыцыйны рух на Беларусі распачынаецца пазьней, чым у Польшчы. Першыя адзнакі яго мы знаходзім у 1860 годзе. Летам у Вільню зьехаліся студэнты як з Варшавы, так і з расійскіх унівэрсытэцкіх гарадоў. Асабліва многа было студэнтаў з Пецярбургу. Пад уплывам прыехаўшых студэнтаў пачынаюць організоўвацца падпольныя рэволюцыйныя гурткі. Гурткі складаюцца з вучнёўскай моладзі, рамесьнікаў, дробнай шляхты і інтэлігенцыі. Гурткі зьвяртаюць вялікую ўвагу на пропаганду сярод рамесьнікаў. У некаторых цэхах пропаганда была шырака разьвіта і захапіла шмат народу, напр., у гарбароў. На сходах сьпяваліся забароненыя сьпевы і чыталіся нелегальныя кніжкі і часопісы, напр., Мераслаўскага „Лістападавыя прамовы“ і Герцэна „Колокол". Забароненая літаратура пашыралася і па-за межамі гурткоў, сярод вучнёўскай і рамесьніцкай моладзі.

Перад праездам праз Вільню цара, увосень 1860 году, поліцыя і жандармэрыя чысьціла горад ад „неблаганадзейных“, чырвоных элемэнтаў. У часе гэтай чысткі было выкрыта існаваньне аднаго з такіх рэволюцыйных гурткоў. Поліцыя заарыштавала па справе гуртка чатырох студэнтаў—Вішнеўскага, Віткоўскага, Вярыгу і Курневіча. „З паказаньняў арыштаваных па справе чатырох асоб (вышэйпамянёных студэнтаў. У. І.) выявілася, што ў рачаістасьці існуюць у Вільні неблаганамерныя сувязі найбольш у клясе рамесьнікаў саф‘яннага цэху, якія маюць прыметы злошкадлівых замыслаў, што ў колах вучнёўскай моладзі ў Вільні, дамовых настаўнікаў і прыехаўшых у Вільню студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў, існуе рэволюцыйны рух, што гэты рух падтрымліваецца нейкім эмісарам Лісоўскім. Члены гэтага гуртка зьбіраліся і гутарылі аб вызваленьні Польшчы... Вішнеўскі разам з таварышом сваім Віткоўскім імкнуліся падкупіць рамесьнікаў і схіліць на свой бок дармовым навучаньнем грамаце... Гурток меў даволі вялікі лік членаў, у тым ліку студэнтаў Вярыгу і Курневіча. Пацярпелі толькі Віткоўскі і Вішнеўскі. Іншыя члены былі вызвалены ад усякага арышту".[1]

Зьлякаўшыся распачатага руху, які мог выявіцца ў якім-небудзь скандале ў часе побыту цара ў Вільні, віленскі генэрал-губэрнатар Назімаў прыняў захады, каб гэтага ня было. Быў дадзены загад, каб студэнты, што прыехалі ў Вільню на канікулы з іншых гарадоў, выехалі з гораду. Што датычыць мясцовай вучнёўскай моладзі, дык ёй было забаронена паказвацца на вуліцах Вільні без бацькоў ці апякуноў. Так пазбылася поліцыя на нейкі час дробнабуржуазнай чырвонай опозыцыі.

  1. Сборник документов музея графа М. Н. Муравьева. Т. I. Вільня, 1906 г. Предисловие, ст. 39-40.