Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/42

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

вай толькі тады, калі-б яна выразна забясьпечыла за сялянствам тое, чаго яно патрабавала. Варшава гэтага не зрабіла, і сялянскія масы за ёю не пайшлі.

У справу ўмяшаўся расійскі ўрад. У адносінах да сялянства ён прыняў цэлы шэраг рэпрэсіўных мерапрыемстваў. Пайшлі ў ход бізуны, лозы, вайсковыя пастоі і г. д. У канцы красавіка і ў пачатку мая большая частка сялянства павінна ўжо была здацца і стала на паншчынную працу.

Што датычыць Варшавы, дык тут расійскія ўрадавыя мерапрыемствы пачаліся яшчэ раней. 13 сакавіка прышоў ад цара адказ на варшаўскі адрас. Цар у адказе абураўся тым, што нейкія асобы, скарыстаўшы вулічныя непарадкі, дазволілі сабе ўмяшацца ў справы ўраду. Урад клапоціцца аб сваіх падданых у Царстве Польскім таксама, як і аб усіх падданых Расіі. Рэформы, што праводзяцца ва ўсім царстве, будуць праведзены і ў Польшчы. Ні ў якім выпадку цар ня будзе патураць фактычным непарадкам. На такім грунце нішто ня будуецца. Гарчакоў прачытаў гэты адказ дэлегацыі і потым абвясьціў яго ў горадзе з перасьцярогаю, што пры ўсякіх непарадках будуць ужыты рэпрэсіі. 23 сакавіка загадам намесьніка была і сама дэлегацыя распушчана. Расійскі ўрад зноў зрабіўся панам палажэньня.

„ЭПОХА РЭФОРМ" ВЕЛЕПОЛЬСКАГА.

З канца сакавіка 1861 году на сцэну выступае выразная згодніцкая група, на чале якой стаіць маркіз А. Велепольскі. Гэтая група існавала ўжо даўно і цярпліва чакала свайго часу. Складалася яна з буйных магнатаў і земляўласьнікаў фэўдальнага тыпу, частка якіх так ці іначай прыстроілася пры царскім палацы і на расійскай урадавай службе. Гэта—выразна выяўленыя консэрватары. Іх вельмі добра характарызуюць словы, што звычайна прыпісваюцца Велепольскаму: „лепш панаваньне Маскалёў, чым якабінскіх тэорый". Ясна, аб якіх маскалёх гаварыў Велепольскі, калі ён проціпастаўляў іх якабінцам. Па думцы гэтых згоднікаў трэба кінуць сувязь з рэволюцыяй і ўсякія надзеі на замежную дыплёматыю. Марыць аб адбудаваньні Польшчы ў старых межах немагчыма. Трэба весьці працу ў кожнай польскай дзяльніцы паасобку. Адзінаю прычынаю ўціску над польскім народам зьяўляецца тое, што ўрады захопнікаў баяцца рэволюцыйнасьці палякаў і інтрыг польскай опозыцыйнай арыстократыі пры чужаземных дварох. Як толькі гэтая прычына будзе скасавана, урады захопнікаў дадуць паасобным дзяльніцам Польшчы розныя вольнасьці і правы самакіраваньня. Асабліва каштоўнай для Польшчы зьяўляецца сувязь з Расіяй, якая бясьпечна для Польшчы з боку культурнага, бо яна ніжэй культурна ад Польшчы. Сувязь з Расіяй адчыняе для Поль-