Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/32

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ў якасьці начальніка штабу Паскевіча. Цяпер гэта быў зусім стары, хворы; сьляпы, глухі і слабавольны чалавек, выжыўшы з розуму.

Ён, каб і хацеў, дык ужо па гэтых сваіх якасьцях быў няздольны падтрымаць моцны рэжым Паскевіча. Назначэньне па пасаду намесьніка Гарчакова разглядалася ў Варшаве, як прымета перамены політыкі, тым больш, што яшчэ нават у часы тыранскага рэжыму Паскевіча Гарчакоў лічыўся „лібэралам".

У маі 1856 году ўрачыста была абвешчана амністыя тым, хто павінен быў па політычных прычынах эміграваць з тэрыторыі Польшчы за межы Расіі. Умоваю для атрыманьня амністыі была падача на імя ўраду асабістай заявы аб дазволе вярнуцца на бацькаўшчыну. Апроч таго, да заявы павінна было быць далучана прызнаньне сваёй віны і абмылак. Памілаваньне, аднак, не давала права эмігранту, які вярнуўся ў межы Расіі, займаць урадавую пасаду. Каб атрымаць яе, амніставаны эмігрант павінен быў на працягу трох год даводзіць сваю благанадзейнасьць. Усё гэта значна зьмяншала значэньне амністыі. У ліпні 1856 году амністыя была пашырана і на політычных эмігрантаў Беларусі, Літвы і Украіны. Умовы для амністыі заставаліся тыя самыя, што і для эмігрантаў з Польшчы. Трэба вызначыць, што амністыю выкарысталі ня так ужо шмат эмігрантаў. Тыя лічбы, якія мы маем наконт эмігрантаў з Беларусі і Літвы, даводзяць гэта. З моманту апублікаваньня амністыі да сакавіка 1857 году сюды вярнулася толькі 43 асобы, а да жніўня 1860 году—353 асобы. Пры тым вялікім ліку эмігрантаў, што вылічваецца тысячамі, гэта зусім нямнога.

Праз некалькі месяцаў (ІХ, 1856) была апублікавана амністыя для політычных, высланых у Сібір і іншыя „не столь отдаленные местности“ Расійскай імпэрыі. Умовы для амністыі былі тыя самыя, што і для эмігрантаў. Амністыя датычыла высланых як з Польшчы, так і з Беларусі і Літвы. Колькі народу выкарыстала гэтую амністыю, мы ня ведаем.

Яшчэ пачынаючы з 40-х гадоў, наўкола „лібэральнага" земляўласьніка графа А. Замойскага сабралася група земляўласьнікаў капіталістычнага тыпу, якая лічыла, што трэба выкарыстоўваць усе легальныя магчымасьці для экономічнага разьвіцьця польскага земляўласьніцтва. Група Замойскага мела перакананьне, што „дасягненьне гэтай мэты прывядзе да таго, што Польшча, як дазрэлы плод, дзякуючы ўласнай сваёй цяжкасьці, адпадзе ад расійскага дрэва".[1] Гэтая, група спачатку складалася з невялікага ліку асоб і. зьбіралася што-год у маёнтку А. Замойскага, Клемянсове, Люблінскай губэрні. Яны склалі проект статуту Земляробскага Таварыства, якое па іх думцы павінна было злучыць шырокія земляўласьніцкія колы для вышэйпаказанай мэты. У мікалаеўскую эпоху царскі ўрад не зацьвяр-

  1. Z. L. S. Historya dwoch lat. T. I. Krakow. 1892. Ст. 140.