Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/262

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

прысланы ў Варшаву. Траўгут 27 кастрычніка 1863 году выпусьціў асобую адозву да жыхарства. У адозьве Траўгут зьвяртаецца да патрыятызму грамадзян краю, тлумачыць, што ўзрастаючыя патрэбы паўстаньня а разам з тым павялічэньне выяўляючагася жаданьня ўдзельнічаць ў пазыцы прывялі да пашырэньня яе базы і да перанясеньня ўсяго цяжару з большых краёвых капіталістаў на ўсіх тых грамадзян, якія пасьля задавальненьня пільных патрэб жыцьця, могуць яшчэ пэўную частку рэштак сваіх даходаў аддаць бацькаўшчыне. Ён заклікае да рэалізаваньня пазыкі і сьведчыць, што, будучы запэўненым у грамадзкай афярнасьці сыноў Польшчы, жонд сьмела можа разьлічваць на павялічэньне сродкаў паўстаньня. Тады ён будзе мець магчымасьць ня толькі задаволіць пільныя патрэбы аддзелаў ужо організаваных, якія знаходзяцца на полі бойкі, але організаваць яшчэ новыя. У канцы Траўгут кліча: „грамадзяне! Кожная вайна вымагае шмат афяр. Наша вайна за незалежнасьць зьяўляецца адзінай вялікай афярай, афярай выкупу за цэлую Польшчу, аддамо для яе наша жыцьцё, кроў і маёмасьць".[1] Гэтая, напісаная з такім уздымам, адозва тым ня менш ня дала амаль што ніякіх вынікаў. Белая частка паўстанцаў у Польшчы, як і на Беларусі, пачала ўжо адыходзіць ад паўстаньня. Яе „патрыятызм" пачаў ужо выдыхацца. Апроч таго, царскі ўрад, у рукі якога папала шмат облігацый, даведаўся аб пазыцы і ўжыў адпаведныя захады супроць яе. Было абвешчана, што ўсякі ўдзел у падтрыманьні пазыкі будзе карацца расійскім урадам па ўсёй строгасьці вайскова-карных законаў.

Земляўласьніцкая шляхта папала, паміж двух агнёў. Дыктатар і жонд дагараючага паўстаньня вымагалі ад яе афяр на паўстаньне, царскі ўрад вымагаў вернасьці трону і барацьбы з паўстаньнем. Як і на Беларусі, земляўласьнікі выбралі для сябе дарогу да царскага трону, лічачы паўстаньне небясьпечным для сваіх клясавых інтарэсаў, бо яно магло паставіць чырвоную аграрную програму на выкананьне. Царызм забясьпечваў цьвёрдае палажэньне шляхціча-земляўласьніка, у той час як паўстаньне, у выпадку пераходу кіраўніцтва ў рукі чырвоных, пагражала зруйнаваць яго дабрабыт. Сапраўдныя інтарэсы земляўласьнікаў выплылі на паверхню. Ува многіх мясцовасьцях Польшчы земляўласьнікі пачынаюць зьвяртацца да царскага ўраду з просьбамі дапамагчы ім спагнаць з сялянства чыншы за 1863 год. Расійскія павятовыя начальнікі ў адказ на просьбы пачалі спаганяць чыншы з сялян, пускаючы ў ход, калі гэта трэба было, вайсковую сілу, якая рыла ў іх распараджэньні. Сялянства адказала на гэта выдачаю ў рукі царскага ўраду тых земляўласьнікаў, якія раней прымалі той ці іншы ўдзел у паўстаньні; часта даносілі і на тых, што былі нэўтральнымі. Такі настрой сялянства даваў магчымасьць царскаму ўраду організаваць у Польшчы, як і на Беларусі, вясковыя варты для барацьбы

  1. Ibidem, ст. 252-253