Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/261

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

паўднёвым заходзе, у ваяводзтвах Кракаўскім, Сандаміркім і ў Заходняй Галічыне. У кастрычніку і лістападзе вельмі выдатнаю была кампанія Чахоўскага, аддзел якога скадаўся з 700 чалавек пяхоты і 100 чалавек коньніцы. У пачатку лістапада Чахоўскі загінуў у бойцы. Пасьля яго сьмерці ў Кракаўскім і Сандамірскам ваяводзтвах адважна дзейнічаў паўстанскі аддзел Зыгмунта Хмеленскага. Аддзел налічваў каля 700 чалавек пяхоты і коньніцы. Цягнулася партызанская барацьба і ў першыя месяцы 1864 году. На працягу студзеня, лютага і сакавіка адбылося каля 130 сутычак. Праўда, рэдка якія з гэтых сутычак канчаліся пасьпяхова для паўстанцаў. З кожным месяцам лік паўстанцаў зьмяншаўся, круг іх дзеяльнасьці звужаўся. З паўстанскіх начальнікаў гэтага часу выдзяляецца ген. Босак-Гаўке.

Каб узмацніць паўстаньне, у Траўгута зьявілася думка зьмяніць організацыю ўзброеных сіл паўстаньня. Як вядома, узброены паўстанцкі рух насіў партызанскі характар. Па думцы Траўгута партызанскія паасобныя аддзелы трэба было пераорганізаваць у адзіную рэгулярную армію з падзелам яе на корпусы, дывізыі, палкі і г. д. Супраціўнікі такой рэформы гаварылі, што яна несваечасова, што няма таго матар‘ялу, які магчыма было-б пераорганізаваць у армію, а таксама няма і экономічнай базы для гэтага. Абаронцы рэформы зазначалі, што рэорганізацыя неабходна для таго, каб вясною з пачаткам інтэрвэнцыі лягчэй было разьвінуць паўстаньне магчыма шырэй, абвясьціўшы „паспалітае рушэньне" (народнае апалчэньне). Траўгут настаяў на неабходнасьці рэорганізацыі паўстанскіх узброеных сіл. У сярэдзіне сьнежня 1863 году быў выданы жондавы дэкрэт аб рэорганізацыі паўстанскіх аддзелаў. На аснове дэкрэту ўсе партызанскія часьці павінны былі скласьці чатыры корпусы. У рэчаіснасьці ўдалося організаваць толькі адзін корпус, які быў падзелены на дзьве дывізіі—Кракаўскую і Сандамірскую. Дывізіі падзяляліся на палкі. Кожны полк быў зьвязаным тым ці іншым паветам ваяводзтва. У іншых ваяводзтвах узброеныя сілы, як і раней, засталіся на партызанскім палажэньні. Такім чынам, дэкрэт быў рэалізаваны ў зусім нязначнай сваёй частцы і ня меў амаль што ніякага ўплыву на паўстаньне.

Яшчэ ліпнёвы жонд для павялічэньня грашовых сродкаў паўстаньня ў дадатак да народнага падатку выдаў дэкрэт аб абавязковай народнай пазыцы на 21 мільён польскіх злотых. Верасеньскі жонд асобым дэкрэтам павялічыў гэтую суму да 40 мільёнаў. У часы дыктатуры Траўгута трошы ня былі сабраны нават у памеры, прапанаваным ліпеньскім жондам. Сродкі паўстаньня паміж тым усё зьмяншаліся, што вельмі адбівалася на паўстанскім руху, Траўгуту трэба было зрабіць адпаведныя крокі для рэалізацыі абвешчанай народнай пазыкі. Былі ўстаноўлены нормы для спагнаньня пазыкі: 1 % ад маёнткаў, каштоўнасьць якіх не перавышала 100.000 злотых, 1½% — ад 100.000 да 300.000 злотых і г. д. У Парыжы былі надрукаваны облігацыі