Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/259

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

двары. З гэтаю мэтаю Траўгут распачаў паступовае змаганьне з чырвонымі элемэнтамі паўстанскай організацыі. Гэтае змаганьне далёка ня заўжды было паспяховым. Траўгут у лісьце да Уладыслава Чартарыйскага скардзіцца, што да пары да часу ён павінен цярпець чырвоных, бо ня можа з імі саўладаць.

Адным з тэрорыстычных актаў, якія былі ўчынены чырвонымі ў часы дыктатуры Траўгута, быў падпал ратушы ў Варшаве. Пачалося з таго, што на горад была накладзена грашовая контрыбуцыя за забойства палкоўніка Любушына, зробленае яшчэ ў часы папярэдняга верасеньскага жонду. Начальнік места прапанаваў сваім падуладным выкрасьці з ратушы падатковыя кнігі, без якіх на яго думку немагчыма было спагнаць контрыбуцыю. Выявілася, што кніг вельмі многа і выкрасьці іх, дзякуючы гэтаму, немагчыма. Трэба было іх зьнішчыць. З гэтаю мэтаю быў падпалены архіў ратушы, дзе зьмяшчаліся падатковыя кнігі; разам з тым была падпалена другая частка ратушы, дзе зьмяшчаўся поліцэйскі архіў. Ратуша загарэлася адразу з двух бакоў. Пажарная каманда, якая прыехала гасіць пажар, спачувала паўстаньню і, папярэджаная змоўнікамі, гасіла пажар толькі для віду. Уся ратуша згарэла. Ясна, што пажар ратушы і зьнішчэньне падатковых кніг ня спынілі контрыбуцыю, якая праз нейкі час і адбылася. Апроч таго, па некаторых даных магчыма думаць, што кнігі і ня былі спалены. Проф. М. Бэрг[1] так, піша аб гэтым: „Намесьнік і прэзыдэнт места Віткоўскі гаварылі аўтару, што, уласна кажучы, пададковыя кнігі засталіся цэлымі, дзякуючы таму, што прэзыдэнт у сувязі з пашыранымі чуткамі, уважаючы, што кнігі ня зусім бясьпечна зьмешчаны ў ратушы, загадаў перанесьці іх да свайго прыватнага памяшканьня. Пры першай вестцы аб выбуху пажару ён адаслаў іх у замак намесьніка. Намесьнік нават паказваў месца, дзе гэтыя кнігі ў яго габінэце былі пакладзены, і тыя перасьцярогі, што былі ўжыты для аховы". Так ці іначай але ратуша была спалена тымі чырвонымі элемэнтамі, з якімі змагаўся Траўгут.

Міма волі Траўгута быў зроблены і замах на жыцьцё Трэпава, які адбыўся 2 лістапада. Як нам вядома з ранейшага, Трэпаў у 1861 годзе павінен быў па запатрабаваньню Варшаўскай Дэлегацыі пакінуць пасаду обэрполіцмайстра Варшавы. Зьмяніўшы некалькі пасад, Трэпаў зноў папаў у Варшаву на пасаду шэфа жандараў Царства Польскага. Зразумела, гэтае назначэньне выклікала шырокае абурэньне. Начальнік кінжальшчыкаў Э. Шафарчык і іншыя ўзяліся організаваць забойства Трэпава. Выканаць забойства ўзяліся гарбар А. Аммэр, сьлесары Г. Когутоўскі і Ю. Дамброўскі, кравец Куроўскі і сталяр Ю. Дзяковіч. У вызначаны дзень напад на Трэпава адбыўся, але забіць яго не ўдалося, ён толькі быў паранены ў галаву. Аммэр і Когутоўскі былі арыштаваны, разам з імі было арыштавана каля 20 асоб, якія да

  1. Prof. Mikolaj Berg. Zapiski... Warszawa, 1911. Tom ІІ. Кs. Х, ст. 109.