Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/257

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

былі прызнаны неблаганадзейнымі і адданы пад яўны ці пад тайны нагляд поліцыі, або высланы за межы Беларусі. Большая палавіна абвінавачаных у ўдзеле ў паўстаньні, у ліку 9.361 асобы, былі прызнаны вінаватымі і пакараны. Наложаныя кары вызначаюцца па групах так: павешаных і расстраляных 128 асоб, высланых на катаржныя работы 972 асобы, высланых у Сібір на пасяленьне 1427, зданых у салдаты 345, у арыштанскія роты 846, высланых на пасяленьне ў цэнтральную Расію 1529 асоб, пераселеных на скарбовыя землі 4096 асоб. Сюды не ўваходзяць пакараныя па Аўгустоўскай губэрні, якая была аддана пад мураўёўскі рэжым, а таксама пакараныя ў часы генэрал-губэрнатарства наступніка Мураўёва, Каўфмана. Само сабой зразумела, што гэтыя офіцыйныя лічбы не адпавядаюць сапраўднасьці, бо яны паменшаны. Трудна дакладна ўстанавіць, наколькі паменшаны лічбы. Магчыма думаць, што прыблізна ў два разы. Да такога вываду мы прыходзім на аснове такіх падлічэньняў. Проф. Бэрг, які меў магчымасьць карыстацца поўнымі матар‘яламі і вывучаў паўстаньне як сучасьнік гаворыць: „Если счесть всех казненных в Северо-Западном крае за время управления Муравьева, придется один человек на три дня".[1] Калі прыняць пад увагу гэтыя даныя, а таксама і тое, што Мураўёў кіраваў на Беларусі два гады, то лічба пакараных сьмерцю з 128 павышаецца да 243 чалавек. Як мы бачым гэтая лічба ў два разы больш за офіцыйную лічбу. Такія суадносіны мы пашыраем і на іншыя лічбы пацярпеўшых. Колькі народу забіта ў бойках з таго і другога боку, мы ня можам устанавіць нават прыблізна.

КАНЕЦ ПАЎСТАНЬНЯ Ў ПОЛЬШЧЫ.

Як мы ўжо адзначалі раней, з сярэдзіны кастрычніка 1863 году кіраўніцтва паўстаньнем у Польшчы перайшло ў рукі Р. Траўгута. Ён стаяў на чале паўстаньня ў якасьці дыктатара да сярэдзіны красавіка 1864 году.

Урадоўцы Народнага Жонду, даведаўшыся аб дыктатуры Траўгута, спынілі свой сабатаж, якім яны спаткалі верасеньскі чырвоны жонд, і прыступілі да працы. Сакратаром жонду зрабіўся Ю. Яноўскі, сакратарамі Беларусі і Украіны былі назначаны Вацлаў Пшыбыльскі і Мэрыян Дубецкі. Праўда, мы павінны зазначыць, што сакратарства ў адносінах да Беларусі і Украіны існавала толькі на паперы, бо зносіны з провінцыямі так і ня былі наладжаны. На Беларусі і Літве, напрыклад, пасьля арышту О. Авэйдэ ўсё знаходзіліся ў руках Каліноўскага, які кіраваў паўстаньнем бяз усякіх дырэктыў з боку Варшавы.

  1. Русская Старина. 1883 г. № IV. Н. В. Берг. К запискам Муравьева, ст. 228