Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/238

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

спаткаўся з моцным расійскім аддзелам пад вёскаю Лыскавым. Пасьля невялікай бойкі паўстанцы былі разьбіты, але ім удалося адыйсьці і зьберагчы аддзел. Расійскі аддзел сачыў за паўстанскім аддзелам і прасьледаваў яго. 9 чэрвеня адбылася другая бойка, у якой аддзел Духінскага быў ужо канчаткова разьбіты каля ўрочышча Жаркаўшчызны. Рэшткі разьбітага аддзелу папоўнілі аддзел Урублеўскага, які, апіраючыся на Белавежаскую пушчу, разьвінуў вялікую дзейнасьць. Сярод шматлічбавых сутычак асабліва ўдалай для паўстанцаў была бойка каля рэчкі Сьцярцежы. Урублеўскі падзяліў свой аддзел на невялічкія групы па 20—30 чалавек. Групы былі добра апрануты і ўзброены. Начальнікі груп, у тым ліку і сам Урублеўскі, дзялілі з паўстанцамі ўсе цяжкасьці пераходаў; яны елі, пілі і спалі разам з імі. Дзе-б ні зьяўляліся групы Урублеўскага, яны адразу публікавалі маніфэст жонду аб надзяленьні сялян зямлёю і рэалізавалі гэты маніфэст. Дзейнасьць аддзелу В. Урублеўскага зьвярнула на сябе ўвагу расійскага ўраду, і ў раён Белавежаскай пушчы былі накіраваны моцныя сілы.

Дзякуючы гэтаму, Урублеўскаму прышлося зноў скласьці адзін аддзел. У канцы ліпня адбылася зацятая бойка паміж паўстанцамі і расійскім аддзелам каля мызы Пухлы. Расійскі аддзел пацярпеў значныя страты і павінен быў адыйсьці. Пасьля гэтага Урублеўскі яшчэ больш месяца трымаўся, ня гледзячы на ўсе стараньні царскай улады зьнішчыць яго аддзел. Толькі ў першай палавіне верасьня расійскім сілам удалося абкружыць яго аддзел каля Піонткова і разьбіць. Сабраўшы рэшткі аддзелу, В. Урублеўскі ў канцы верасьня[1] па старому стылю пакінуў Беларусь і пакіраваўся ў Папляскае ваяводзтва,[2] дзе некаторы час быў начальнікам гэтага ваяводзтва. Апошняй бойкай Урублеўскага з урадавымі войскамі была бойка ў студзені 1864 году пад Гузаўскай Рудой. Яго аддзел быў абкружаны з усіх бакоў казакамі і супраціўляўся да апошняга. Сам Урублеўскі, зрублены казацкімі шашкамі, напоўжывы, амаль не дастаўся ў палон. Таварышом удалося неяк вынесьці яго з бою і пераправіць праз граніцу. Праз шэсьць год, у часы Парыскай Комуны В. Урублеўскі на правым беразе Сены на фартох Ванвр, Уссы і Монтруж у якасьці палкоўніка абараняў рабочую рэспубліку, у той час як другі выдатны паўстанец 1863 году, Яраслаў Дамброўскі, стаяў на чале ўсіх узброеных сіл Комуны.

Даволі энэргічную чыннасьць выявіў у Горадзеншчыне паўстанцкі аддзел Кабылінскае. Гэта быў дробны шляхціч, які ў пачатку лета 1863 году кінуў на разор свой невялікі фальварак у Беластоцкім павеце і разам з сваімі пяцьцю дарослымі сынамі пайшоў у паўстаньне.

  1. Я. Гейштор у сваіх запісках (Т. ІІ, ст. 259) памылкова лічыць, што В. Ўрублеўскі пакінуў Беларусь 15 жніўня.
  2. I. K. Janowskiego. Pamietniki... Т. ІІ, ст. 195