Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/236

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

дзень і ноч сядзеў ён у сваім консьпірацыйным прытулку. Яго патаемны пакоік быў пабудаваны спэцыяльна для консьпірацыйных мэт. Знаходзіўся ён у Вільні на Зарэччы, у глыбіні задняга надворку нейкай вялікай камяніцы, за складамі дроў, пры хляве. Увесь пакоік займаў плошчу ў некалькі крокаў даўжыні і два-тры крокі шырыні. Вышыня пакою толькі-толькі давала магчымасьць чалавеку стаць на ногі. Пакой быў напаўцёмны, ён меў толькі адно невялічкае ваконца, якое выходзіла на глухі бераг Вілейкі. Зносіны з надворным сьветам Здановіч меў праз двух-трох верных агентаў. Гэты пакой быў ня толькі месцам працы Здановіча. Дзякуючы консьпірацыйнасьці, пакоем карысталіся для перахоўваньня пячаткі, розных блянкаў, загадаў Камітэту і іншых больш важных докумэнтаў. Тут часта адбываліся спатканьні і шарады чырвонага дыктатара з сваімі супрацоўнікамі.

Нам вядомы яшчэ і іншыя працаўнікі гэтага часу. Супрацоўнікам М. Дарманоўскага (Л. Сухадольскага) быў Лангер, які выконваў яго паасобныя даручэньні, асабліва па зносінах з паўстанскімі аддзеламі. Напрыклад, з жандарскіх данясеньняў мы ведаем, што Лангер атрымаў ад Дарманоўскага даручэньне знайсьці ў Віленскім павеце паўстанскі аддзел Астрога і зрабіць дазнаньне аб жорсткім абыходжаньні Астрога з адным з павятовых камісараў. Агентам паўстанскага ўраду быў таксама былы паручнік расійскай арміі Франц Канаплянскі. Ён спаганяў з заможнага жыхарства падатак на паўстаньне. На аснове жандарскіх матэрыялаў мы ведаем, што яму было дазволена адну восьмую частку спагнаных грошай пакідаць пры сабе на непрадбачаныя выдаткі, а рэшту грошай ён павінен быў дастаўляць у Вільню ў цэнтральны паўстанскі скарб. Канаплянскі зносіўся таксама і з паўстанскімі групамі, магчыма, як вайсковы інструктар. Жандары вінавацяць Канаплянскага яшчэ і ў тым, што ён пашыраў сярод земляўласьнікаў асобныя блянкі для контр-адрасу проці вернападданіцкага адрасу, наданага Віленскай земляўласьніцкай шляхтай. Імкненьне чырвоных выклікаць сярод шляхты рух, накіраваны проці адрасу на імя цара, зразумела, ня мела ніякага посьпеху, але яно вельмі занепакоіла расійскую жандармэрыю. Віталя Гедройца, як начальніка Віленскага павету, жандарскія докумэнты вінавацяць у тым, што ён прыяжджаў да Канаплянскага з данясеньнямі аб становішчы свайго павету і што ён з гэтаю самаю мэтаю часта наведваў і Дарманоўскага. Канаплянскі ў сваіх паказаньнях называе Константына Тукалу, які нібы выконваў яго паасобныя дробныя даручэньні, і зазначае, што вышэйпамянёны К. Тукала актыўнай ролі ў паўстаньні ня граў. Актыўную ролю ў паўстаньні расійская жандармэрыя прыпісвае Аржэшку, які быў дзейным супрацоўнікам Малахоўскага. Аржэшка займаў пасаду начальніка віленскай народнай поліцыі і непасрэдна кіраваў замахам на забойства Дамэйкі.

Цяпер мы пяройдзем да апісаньня партызанскага руху як у часы дыктатуры К. Каліноўскага, так і ў часы кіраўніцтва паўстаньнем