Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/234

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

цэнтру ад Віленскага. Праўда, у апошнія часы зьяўляюцца докумэнты з ІІІ Аддзелу царскай уласнай канцылярыі, але пакуль што іх яшчэ адтуль узята мала, апроч таго да гэтых „жандарскіх" докумэнтаў трэба адносіцца вельмі асьцярожна. Мала мы ведаем, таксама і аб супрацоўніках паўстанскага цэнтру.

Галоўнымі супрацоўнікамі К. Каліноўскага былі тры асобы: Мячыкаў Дарманоўскі, Мілевіч і вядомы ўжо нам Малахоўскі.[1]

Па тых вестках, якія дае Я. Гейштор,[2] праваю рукою К. Каліноўскага быў Мілевіч. Гэта быў стары супрацоўнік Каліноўскага, і ён яго добра ведаў. Яшчэ ў тыя часы, калі Каліноўскі працаваў сярод сялянства ў Гарадзеншчыне, Мілевіч быў яго супрацоўнікам. З гэтага відаць, што Мілевіч па сваіх політычных і соцыяльных поглядах быў бязумоўна чырвоным. Калі сформаваўся Аддзел-Камітэт у пачатку чэрвеня, Каліноўскі пакінуў Горадзеншчыну і пераехаў у Вільню. Здаецца, разам з ім пераехаў у Вільню і Мілевіч. Што датычыць О. Авэйдэ, то ён лічыць Мілевіча „чалавекам, бяз усякіх здольнасьцяў. Да гэтага ён дадае, што Мілевіч быў запрошаны ў Вільню з Горадні ў канцы ліпня. Трудна разабрацца, кім у рэчаіснасьці быў Мілевіч. Пшыбароўскі,[3] апісваючы перагаворы Каліноўскага з Авэйдэ, гаворыць аб складзе таго Камітэту-Аддзелу, на якім зышліся абедзьве дагаворныя стораны. У склад Камітэту, па словах Пшыбароўскага, павінен быў увайсьці і Мілевіч. Калі прыняць пад увагу, што намечаны Камітэт павінен быў злажыцца толькі з 4 чалавек і што двума з іх былі Кастусь Каліноўскі і Оскар Авэйдэ, то робіцца яснай важнасьць двух другіх членаў Камітэту, адным з якіх быў Мілевіч, а другім брат Каліноўскага.

Паводле жандарскіх данясеньняў праваю рукою Каліноўскага быў Мечыслаў Дарманоўскі, вядомы яшчэ пад назваю Людвіка Сухадольскага. Дарманоўскі быў ураджэнец Прускай часткі Польшчы. Перад пачаткам паўстаньня мы ўжо бачым яго ў Варшаве. Па некаторых даных магчыма думаць, што на Беларусі ён апынуўся ў часы, калі на чале паўстаньня стаяў белы Аддзел (ад сярэдзіны сакавіка да пачатку чэрвеня 1863 году. У. І.). Зразумела, што, будучы крайнім чырвоным, ён у гэты пэрьіод вялікай ролі ня граў. У чырвоным Аддзеле-Камітэце (чэрвень— ліпень) мы таксама Дарманоўскага чамусь не спатыкаем. Урэшце ў часы чырвонай дыктатуры ў жніўні месяцы на аснове жандарскіх данясеньняў мы бачым, што Дарманоўскі знаходзіцца ў пастаянных зносінах з К. Каліноўскім. Жандары вінавацяць М. Дарманоўскага ў тым, што ён нёс абавязкі па наладжваньню сувязі Віленскага цэнтру з рэволюцыйнымі організацыямі за граніцай, здабываў як з-за мяжы,

  1. М. Дарманоўскі ў жандарскіх данясеньнях называецца яшчэ Людвікам Сухадольскім. Мілевіч у Я. Гейштора называецца Мілевічам, у Пшыбароўскага Міловічам, у Авэйдэ — Мілевічам.
  2. Pamietniki Gieysztora Jakoba... T. II, ст. 132
  3. Dzieje 1863 roku. Przez... Walerego Przyborowskiego. Tom piaty, ст. 120