Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/230

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

прызнаньне. Прыёмы Мураўёўскага сьледзтва і турма зрабілі сваю справу, і паўстанец-рэволюцыянэр зрабіўся здраднікам.

Яшчэ седзячы ў турме ў Вільні, О. Авэйдэ пачаў пісаць сваё прызнаньне. Усяго ён напісаў тут (у расійскай мове) адзінаццаць аркушаў прызнаньняў. Пасьля гэтага Авэйдэ перавезьлі ў Варшаву і пасадзілі ў цытадэль, дзе ён больш году прасядзеў у вядомым Х павільёне. Раней ён маўчаў і чытаў біблію, а потым у 1865 годзе зноў пачаў пісаць свае прызнаньні, якія выкрылі ўсё, што было патаемным у паўстаньні. Намесьнік царства Польскага загадаў аднаму з жандарскіх афіцэраў пералажыць гэтыя прызнаньні на расійскую мову і прывесьці ў парадак. У 1866 годзе прызнаньні Авэйдэ былі надрукаваны ў друкарні Штабу Варшаўскага вайсковага округу. Запіскі складаюць вялікую друкаваную працу ў чатырох частках, памерам каля тысячы старонак. Што датычыць тыражу „Запісак", то ён быў вельмі абмежаваны. Проф. М. Бэрг і В. Пшыбароўскі называюць 30 экзэмпляраў, а Я. Гонсяроўскі[1] называе 40 экзэмпляраў. Малы тыраж кніжкі тлумачыцца тым, што „Запіскі" былі прызначаны не для публічнага карыстаньня, а для мэтаў вышуку і для інформацыі высокапастаўленых асоб. Зразумела, цяпер „Запіскі" Авэйдэ зьяўляюцца бібліографічнай рэдкасьцю. У свае часы прызнаньні Авэйдэ і іншых паўстанцаў, як напрыклад вядомага нам К. Маеўскага, далі магчымасьць царскаму ўраду выкрыць як паасобных рэволюцыянэраў, так і цэлыя паўстанскія організацыі і накіраваць на іх усю моц рэпрэсій.

О. Авэйдэ згодна ўмовы быў памілаваны і высланы ў выгнаньне ў Вятку. Тут ён яшчэ доўга пражыў (памёр у 1900 годзе), займаючыся адвакацкаю практыкаю. Цікава, як ён тлумачыў сваю здраду. Пшыбароўскі піша[2] аб гэтым так. „Авэйдэ, якога адведалі калісь у Вятцы паўстанцы, што варочаліся на бацькаўшчыну з сібірскага выгнаньня, і пыталіся, чаму ён скончыў так ганебна сваё жыцьцё, якое раней было такім самаафярным, адказаў што зрабіў гэта дзякуючы патрыятызму, каб выкараніць усе змовы, якія пэрыодычна залівалі край крывёю". Адказ у поўнай меры годны здрадніка.

У Варшаве Народны Жонд доўга ня ведаў аб тым, што зрабілася з Авэйдэ. Каб даведацца аб выніках перагавораў свайго поўнамоцнага камісара з Віленскім Камітэтам, у Вільню быў пасланы ў якасьці эмісара паўстанец Завэль Розэнталь. Праз некалькі дзён ён вярнуўся з сумнымі весткамі аб арышце Авэйдэ. Здаецца на гэтым зносіны паміж Варшаваю і Вільняю спыніліся. Каліноўскі пасьля арышту Авэйды і яго здрады павінен быў думаць не аб тым, каб выконваць дагавор, які ён склаў з Авэйдэ, а аб тым, каб яшчэ лепш

  1. Bibliografia drukow, dotyczacych powstania styczniowego 1863-1865 r. Zebral i opracowal Janusz Gasiorowski. Warszawa. 1923. Wojskowy Instytut naukowo-wydawniczy, №2178, ст. 187
  2. Dzieje 1863 roku, Przez autora... Tom piaty, ст. 121