Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/214

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

кавіты пацалунак у тую руку, якая падганяла яе хутчэй ісьці да царскага тосту і якая была пакрыта крывёю паўстанцаў.

Праз жандарскага палкоўніка Паўлава, што меў асабістыя сувязі з многімі панамі Віленшчыны, распачаліся перагаворы паміж Мураўёвым і Віленскім губэрскім маршалкам шляхты Аляксандрам Дамэйкаю наконт падачы пакаяннага адрасу. Мураўёў праз свайго конфідэнта даводзіў усю карыснасьць для земляўласьнікаў такога кроку. Зразумела, доўга ўгаварваць паноў ня прышлося, бо яны і самі хутка гэта зразумелі. Вельмі рана да Паўлава і Дамэйкі далучаецца земляўласьнік аднаго з падгародных віленскіх маёнткаў Сьнітка. Адразу з імі солідарызуецца ўся магнацкая фамілія Плятэраў, брата каторых Леона Зыберг-Плятэра Мураўёў нядаўна расстраляў у Дынабургу. Група прыхільнікаў адрасу хутка расьце, як сьнежны ком. На чале групы стаяць такія вядомыя арыстократы, як вышэйназваныя Плятэры, Цэзар Гедройц, Хамінскі, два графы Мастоўскія, граф Ажароўскі, Хомскі, Сьвянтэцкі і інш. Праз некалькі дзён група налічвае ў сваім складзе больш сямідзесяці асоб, а яшчэ праз некаторы час 235 асоб. Група склала тэкст адрасу, Мураўёў узяў на сябе яго рэдакцыю. Адрас зазначае, што рэволюцыя ўцягнула ў рух шмат шляхты, якая лёгкамысна парушыла вернападданіцкую прысягу. Цяпер земляўласьнікі адмаўляюцца ісьці за паўстанцамі-рэволюцыянэрамі, „дзякуючы дзейнасьці якіх край сачыцца крывёю". Яны просяць, каб цар лічыў іх сваімі вернападданымі таго краю, які зьяўляецца неадрыўнаю і неаддзельнаю часткаю Расіі.

27-га ліпня, па старому стылю, у дзень сьвяткаваньня нараджэньня царыцы, дэлегацыя з 15 віднейшых магнатаў на чале з Дамэйкаю паднесла Мураўёву ў урачыстых абставінах вернападданіцкі адрас, які адразу быў адасланы ў Пецярбург надрукаваны ў газэтах. Цікава адзначыць, што знайшоўся адзін „опозыцыянэр" вядомы ўжо нам член белага Віленскага Аддзелу, маршалак шляхты аднаго з паветаў Віленшчыны, Антон Еленскі. Уся яго „опозыцыя" зводзілася толькі да таго, што, будучы згодным з фактам падачы адрасу, ён ня быў згодзен з яго формаю. А. Еленскі адмовіўся падпісаць Дамэйкаўскі тэкст адрасу і падаў свой уласны адрас „лібэральнага" напрамку. „Лібэралізм" не ўваходзіў у пляны Мураўёва, і ён загадаў арыштаваць „опозыцыянэра" і аддаць яго пад суд.

Падача адрасу не магла не абурыць Віленскі Аддзел-Камітэт. Усе члены Камітэту, не выключаючы нават і Я. Гейштора, падпісалі адозву да Дамэйкі, папераджаючы яго, што ён будзе прысуджаны да сьмерці ў выпадку падачы адрасу. Пасьля падачы адрасу такі прысуд быў аднадушна ўхвалены. Выканаць прысуд адразу браўся адзін з гурткоў рэзолюцыйнай моладзі. Апроч таго, браўся за гэтую справу і Тытус Далеўскі. Тым ня менш Камітэт не згадзіўся даручыць ім справу па невядомых для нас прычынах. Магчыма, што Камітэт не хацеў адсту-