Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/213

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

з абодвух бакоў. Іх выбар паступова і няўхільна накіроўваўся ў бок царскага расійскага ўраду. Адзін з сучасьнікаў паўстаньня так апісвае гэтую эволюцыю. „Самым паном урэшце абрыдла быць дойнымі каровамі і плаціць контрыбуцыі на справу, якую яны канчаткова прагулялі. Паўстанскі жонд яшчэ некаторы час пасылаў загады аб узносе падатку, але паны пакідалі іх бяз увагі".[1] Раней яны імкнуліся застанавіцца пасярэдзіне і ўвінуцца як ад народнага падатку, так і ад мураўёўскіх рэпрэсій. Паны пачалі кідаць маёнткі і ўцякаць у гарады. Адзін з раскаяўшыхся паўстанцаў[2] гаворыць, што „паны, бачачы, што справа ўжо прагуляна, уцяклі з сваіх маёнткаў у гарады, каб пад прыкрыцьцём царскага ўраду выратавацца ад сваіх патрыётаў і ня быць адказнымі за тое, што робіцца ў маёнтках". Апынуцца ў такой „залатой сярэдзіне" ім аднак не ўдалося. Мураўёў асобым загадам пагнаў іх назад у маёнткі, каб яны там канчаткова крышталізаваліся ў бок царскага ўраду.

Скомпромітаваўшы раней сваім кіраўніцтвам і ўдзелам у паўстаньні чырвоных перад сялянскімі масамі, цяпер белыя пачнуць папраўляць сваю памылку „раскаяньнем" перад расійскім царызмам. Іх „раскаяньне" вельмі часта будзе зьвязана з здрадаю ў адносінах да чырвоных. Заслуга Мураўёва перад царскім урадам, уласна кажучы, была толькі ў тым, што ён пры дапамозе звычайнага кулака падганяў земляўласьніцкую шляхту хутчэй ісьці па таму шляху, па якому яна ўжо распачала ісьці і па якому яна ішла потым пасьля Мураўёва аж да сучаснай нам рэволюцыі 1917 году. Нават Я. Гейштор ў сваіх запісках[3] называе земляўласьніцкую шляхту з лета 1863 году „подлаю шляхтаю", бо яна, „дзякуючы страху", пачала ісьці з шэрагаў паўстаньня да ступеняў царскага трону. Зразумела, ня „страх" тут іграў першую ролю. Асноўнай прычынай пераходу белай земляўласьніцкай шляхты з шэрагаў паўстаньня ў абыймы Мураўёва і расійскага царызму былі яе клясавыя інтарэсы. Калі і прызнаць ролю страху, то гэты страх цяпер паны мелі ў адносінах да „пякельных дэмагогаў", „крайніх чырвенцаў", якія зноў зрабіліся на Беларусі і Літве кіраўнікамі паўстаньня.

Соцыяльная цяга земляўласьніцкай шляхты да царызму і „дапамога" ёй у гэтым напрамку з боку Мураўёва хутка зрабілі сваю справу. Цяпер белыя заместа ўдзелу ў паўстаньні займаюцца іншаю, больш карыснаю для іх прывольнага жыцьця і панскага дабрабыту справаю. Мы маем на ўвазе падачу беларускімі земляўласьнікамі вядомых вернападданьніцкіх адрасоў праз Мураўёва на імя цара.

Справа распачалася з адрасу земляўласьнікаў „сталічнай" Віленскай губэрні. Віленская земляўласьніцкая шляхта першая зрабіла са-

  1. И. Н. Пономарев. Воспоминания о польском мятеже 1863 года. Исторический Вестник. 1897 г. Т. 70, ст. 149.
  2. А. Ягмин. Воспоминания польского повстанца 1863 года. Исторический Вестник. Т. 50, ст. 115-116.
  3. Pametniki Gieysztora, Т. II, ст. 126.