Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/206

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Камісія абвясьціла арыштаваных нявіннымі, вызваліла іх з-пад арышту і нават абяцала сваё падтрыманьне.

Пасьля такога нечаканага скандалу беламу жонду нічога іншага не заставалася рабіць, як перадаць уладу і пячаткі чырвоным. Праўда, К. Маеўскі некаторы час яшчэ супраціўляўся, але ўрэшце прышлося здацца і яму. У пачатку другой палавіны верасьня (па запісках Яноўскага — 15, а па паказаньнях Маеўскага 17 верасьня) на кватэры Яноўскага Маеўскі зрабіў здачу спраў новаму жонду, аб чым быў складзены адпаведны акт. У склад новага жонду ўвайшлі: І. Хмеленскі, С. Франкоўскі, Ю. Нарымскі, Аснык, Бэхонскі, Качкоўскі і Кокасінскі. Жонд новага складу паставіў сваёю бліжэйшаю мэтаю ўзмацніць тэрор. Быў організаваны замах на жыцьцё новага намесьніка Царства Польскага Бэрга, які і адбыўся 19 верасьня. У Бэрга на Новым Сьвеце, з дому А. Замойскага, былі кінуты ручныя гранаты і зроблены адзін стрэл са стрэльбы. Бэрг застаўся жывым. На працягу нядоўгага часу было забіта каля 10 шпіёнаў і 15 поліцэйскіх. У адказ на тэрор жонду пасыпаліся рэпрэсіі расійскага ўраду. Дом Замойскага быў зруйнаваны дашчэнту. Сам Замойскі павінен быў заплаціць штраф у 25.000 рублёў і быў высланы на жыцьцё ў Варонескую губэрню. Жыхары дому былі арыштаваны. Распачалі сваю дзейнасьць ваенныя суды, якія судзілі за выраб і хаваньне зброі, за ўкрываньне падазроных асоб, за прыналежнасьць да нелегальнай організацыі і г. д. 30-га верасьня на 5 пляцох Варшавы было расстраляна 10 жандараў-кінжальшчыкаў. Праз некалькі дзён на падворку фабрыкі Эванса ў прысутнасьці рабочых быў расстраляны рабочы гэтай фабрыкі В. Альгер за тое, што ў яго на кватэры былі знойдзены ручныя гранаты. Шмат народу было арыштавана. Частка іх заставалася ў мясцовых турмах, частка была выслана ў Расію.

Рэпрэсіі расійскага ўраду не маглі не адбіцца на паўстанчай організацыі. Шмат народу выбыла з яе шэрагаў, і яна значна аслабла. Да гэтага трэба дадаць, што яшчэ ў самы момант захопу ўлады чырвонымі шмат працаўнікоў організацыі, якія спачувалі белым, адмовіліся працаваць з чырвоным жондам, што не магло не адбіцца на справах. Рэпрэсіі закранулі і членаў жонду. Самыя дзейныя члены жонду, як Хмеленскі і Франкоўскі, зусім не маглі працаваць, бо ўжо былі абкружаны вузкім колам шпіёнаў. Каб не праваліць іншых членаў жонду, яны павінны былі выехаць за граніцу. Начальнік места Варшавы Пятроўскі, у руках якога сходзіліся ўсе ніткі гарадзкой організацыі, быў арыштаваны і загінуў на эшафоце. З кожным днём дзейнасьць жонду аслаблялася.

Гэта дало белым магчымасьць зноў загаварыць аб зьмене жонду. Першым распачаў агітацыю на гэтую тэму кн. Уладыкаў Чартарыйскі ў Парыжы. Ён вызначаў, што крайні напрамак жонду робіць вельмі дрэннае ўражаньне на двары заходніх дзяржаў, якія ня хочуць і ду-