Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/204

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

перайменаваньне Цэнтральнага Народнага Камітэту ў Народны Жонд (V, 1863), то Аддзелы Віленскі і Украінскі згубілі ў сваёй назьве слова „Кіраўнічы". Яны сталі называцца толькі „Выканаўчымі" Аддзеламі Народнага Варшаўскага Жонду.[1] У адносінах спэцыяльна да Беларусі і Літвы мы падамо словы Авэйдэ, які гаворыць наступнае: „Я должен упомянуть о перемене, последовавшей во взаимных отношениях между Вильною и Варшавой во второй половине мая месяца. Видя погрешности и ошибки литовского (разумеецца Віленскі. У. І.) Отдела, революционное правительство решило поставить его в большую от себя зависимость. С этой целью он переименован был в „Исполнительный Отдел", а власть уполномоченного комиссара была усилена настолько, что в его исключительное и непосредственное заведывание переданы были все воеводские комиссары в Литве (разумеецца Літва і Беларусь. У. І.), которых он мог назначать и удалять по своему личному усмотрению".[2] Мы згодны з тым, что Белы Віленскі Аддзел нічога ня быў варты, але бязумоўна скарачэньне яго політычных правоў залежала не ад якасьцяй Аддзелу, а ад больш глыбокіх прычын. Тым больш, што нам вядома, як ахвотна Народны Жонд памог Беламу Віленскаму Аддзелу адабраць уладу ад Чырвонага Камітэту. Наогул кажучы, аўтаномныя правы Беларусі і Літвы значна зьменшыліся, калі на чале паўстаньня з сярэдзіны сакавіка тут стаў белы Аддзел. Ён добра адчуваў сваю політычную блізкасьць да Варшаўскага Белага Народнага Жонду. Апроч таго, і па сваіх уласных поглядах ён быў супраціўнікам „сэпаратызму" Літвы і Беларусі. Пасьля правалу Белага Аддзелу ў Вільні ў пачатку лета 1863 году, чырвоныя на Беларусі і Літве зноў сталі на чале паўстаньня. Зразумела, пытаньне аб аўтаноміі Беларусі зноў абвастрылася, бо чырвоныя былі прыхільнікамі аўтаномнасьці Беларусі ў напрамку герцэнаўскага фэдэралізму. Апроч таго, кіраўніцтва Белага Народнага Жонду Маеўскае супярэчыла выкананьню на Беларусі політычнай і соцыяльнай програмы чырвоных.

У сувязі з гэтым Белы Народны Жонд пастараўся адпаведнай проклямацыяй замацаваць свае ўплывы на Беларусь і Літву. 31 ліпня жонд выдаў проклямацыю пад назваю „Народны Жонд к народу". У гэтай проклямацыі жонд заклікае ўвесь народ падтрымліваць паўстаньне. У проклямацыі жонд прысьвячае спэцыяльную частку ўзаемаадносінам паміж жондам з однаго боку, Беларусьсю і Літвой з другога боку. Ён гаворыць так: „Прыняць хоць-бы і поўную незалежнасьць для аднэй толькі польскай провінцыі, а іншыя кінуць ворагу — гэта было-б адмаўленьнем ад сваіх гістарычных правоў, выкасаваньнем дзесяцівяковага факту з падзей сьвету і адмаўленьнем ад свойго імя пасьля выкананьня вялікіх, гэраічных учынкаў. Не! Польшча не для таго ўвас-

  1. Записки О. Авейде. Ч. IV, ст. 71.
  2. Ibidem, ст. 79