Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/203

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

дваром, што паўстаньне ня мае нічога агульнага з „крайнім якобінізмам“, што яно носіць політычна-вызваленчы характар. Жонд з свайго боку праводзіў адпаведную лінію ў краі.

Белы напрамак жонду Маеўскага ня мог не адбіцца і на яго нацыянальнай політыцы, на яго адносінах да Беларусі, Літвы і Украіны. У ранейшыя часы ўстанавілася тая ці іншая аўтаномнасьць провінцый. Звычайна ішлі спрэчкі толькі аб межах гэтай аўтаномнасьці. Сакратар жонду Маеўскага Ю. К. Яноўскі, які вельмі добра ведаў усе справы паўстаньня, так апісвае становішча провінцый і іх адносіны да цэнтру ў момант захопу ўлады новым жондам. „Мы ведаем, што Літва (разумеецца Беларусь і Літва. У. І.) у паўстаньні кіравалася зусім аўтаномна, а лучнасьць з цэнтральнай уладай народнага жонду абмяжоўвалася тым, што жонд назначаў пры Літоўскім аддзеле свайго камінара, якім быў Дюлёран, Літву-ж пры народным жондзе рэпрэзэнтаваў назначаны аддзелам сакратар, якім быў Вацлаў Пшыбыльскі. Тое самае было і ў адносінах да Русі (разумеецца Украіна. У. І.) Абодвы сакратары — Літвы і Русі—мелі права прымаць удзел у пасяджэньнях жонду, былі ўсьвядомлены ўва ўсіх яго справах і маглі аб усім інформаваць свае аддзелы. Камісары народнага жонду пры аддзелах мелі абавязак у сваіх рапартох паведамляць жонд аб справах аддзелаў і наогул аб усім, што робіцца ў провінцыях".[1] На гэтую-ж тэму гаворыць і галава Ліпнёвага Жонду К. Маеўскі. У сваіх паказаньнях ён піша: „В отношении внутренней исполинтельной администрации все провинции, принадлежавшие Польше до 1772 года, т. е. до первого раздела считались одним неразрывным целым. Только Литва и Русь имели известную автономию, впрочем без права представительства при заграничных дворах".[2] Яноўскі не гаворыць проста, мелі ці ня мелі сакратары провінцыяльных аддзелаў права пастанаўляючага голасу на пасяждэньнях народнага жонду. Маеўскі ў сваіх паказаньнях сьведчыць, што яны права пастанаўляючага голасу мелі. Што датычаць О. Авэйдэ, то ён у сваіх запісках, азначае, што сакратары Аддзелаў, нават па справах гэтых краін, ня мелі ў жондзе пастанаўляючага голасу. Гэтую заяву Авэйдэ зрабіў пасьля таго, як сьледчая камісія дала яму перачытаць паказаньні Маеўскага і прапанавала ўнесьці адпаведныя папраўкі. Нам здаецца, што заява Авэйдэ найбольш адпавядае сапраўднасьці.

У скарачэньні аўтаномнасьці „провінцый" Ліпнёвы Народны Жонд быў толькі заступнікам белага да-чэрвеньскага жонду. Ужо той жонд займаўся гэтаю справаю. Запіскі Авэйдэ даюць бясспрэчныя довады скарачэньня аўтаномнасьці Беларусі, Літвы і Украіны. Калі адбылося

  1. J.K. Janowskiego. Pamietniki o powstaniu styczniowem. T. II. Warszawa. 1925, ст. 163
  2. Извлечение из показаний политического преступника Карла Маевского, относящихся до последнего польского восстания 1863 г. Варшава 1866 г., ст. 43.