Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/202

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

асоб, якія прыніжалі ўдзел у паўстаньні. У першай палове ліпня быў цяжка паранены кінжалам у бок і руку поліцэйскі ўрадовец Г. Грабоўскі. У канцы ліпня быў забіты кінжалам поліцэйскі ўрадовец Белы. Цывільны губэрнатар Варшавы Ражкоў гаварыў проф. М. Бэргу, што за кароткі тэрмін з яго падзагадных загінула 7 агентаў. Апроч Варшавы тэрорыстычныя акты адбываліся і ў провінцыі.

Быў утвораны інстытут народнай жандармэрыі. У Варшаве жандары складалі аддзел, які налічваў у сваім складзе каля 250 чалавек. У гэты лік уваходзіла сэкцыя жандараў-кінжальшчыкаў, якая выконвала прыгаворы рэволюцыйных трыбуналаў. Рэшта народнай жандармэрыі ня была ўзброена. У выключных толькі выпадках зброя выдавалася для часовага карыстаньня той ці іншай групе жандараў. Абавязкі народнай жандармэрыі былі дапамагаць членам жонду і жондавай адміністрацыі выконваць іх абавязкі. Жандары несьлі варту ля памяшканьняў, дзе працаваў жонд і яго агенты, пераносілі корэспондэнцыю, сачылі за дзейнасьцью расійскай поліцыі і жандармэрыі і г. д. Служба народнага жандара аплачвалася пэнсіяй у 15 срэбных рублёў у месяц. Жандармэрыя Варшавы падпарадкавалася непасрэдна начальніку горада. Па паветах таксама былі сформаваны невялікія аддзелы народнай жандармэрыі, у сярэднім па 30 чалавек. Павятовая жандармэрыя павінна была мець коні і зброю. Праўда, першая ўмова даволі часта не магла быць выканана, і жандары несьлі сваю службу ў пешым строі. Абавязкі іх былі тыя самыя, што і ў варшаўскіх жандараў; апроч таго, яны павінны былі дапамагаць павятовым урадоўцам пры формаваньні паўстанскіх аддзелаў і даваць інформацыю начальнікам ужо сформаваных аддзелаў. Павятовы народны жандар атрымліваў пэнсіі па 2 злотых у тыдзень.

Яшчэ ў сярэдзіне чэрвеня 1863 году сярод эмігранскіх польскіх колаў за граніцаю і сярод паўстанскіх колаў у Польшчы пачалі хадзіць упартыя чуткі, што Францыя і Англія рыхтуюць сумесную дыплёматычную ноту расійскаму ўраду па справах Польшчы. Гэтыя чуткі падтрымліваліся белымі коламі і шырока былі распаўсюджаны. Магчыма, што пашырэньне іх стаяла ў сувязі з падрыхтоўкаю жондавага перавароту. Вядома, што чырвоны Чэрвеньскі Жонд не прыдаваў вялікага значэньня дыплёматычнай гульні і парваў нават зносіны з Чартарыйскім, які зьяўляўся як-бы цэнтральным дыплёматычным прадстаўніком Польшчы за межамі. Гэтую „недаацэнку“ дыплёматыі белыя змоўнікі ставілі ў віну чырвонаму Чэрвеньскаму Жонду. Як толькі пераварот адбыўся, новы белы жонд перамяніў політыку і ўхваліў зьвярнуць вялікую ўвагу на зносіны з чужаземнымі дварамі. Адразу былі адноўлены зносіны з Чартарыйскім, якому зноў была надана годнасьць галоўнага прадстаўніка Польшчы за граніцай. Яму было даручана організаваць і накіроўваць думку дыплёматычных замежных колаў на карысьць Польшчы. Зразумела, ён павінен быў даводзіць чужаземным