Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/200

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

масы, склікаць „паспалітае рушэньне", парваць з белымі і з чужаземнымі дварамі і ўзмацніць тэрор. За сабою Камітэт пакідаў толькі політычны нагляд за кірункам паўстаньня, а фактычнае кіраўніцтва паўстаньнем павінен быў весьці жонд. Пачаліся перагаворы з рознымі рэволюцыйнымі групамі наконт складу новага жонду, які звычайна носіць назву Чэрвеньскага Жонду. Праз некалькі дзён жонд быў складзены. Членамі яго былі: П. Кабылянскі, Г. Банкоўскі, Э. Маліноўскі, Ф. Дабравольскі. Са складу старога жонду ў Чэрвеньскі Жонд увайшлі Яноўскі і Авэйдэ, якія былі патрэбны для ўвязкі новых членаў жонду з апаратам і раённымі справамі. Старшынёю жонду быў абраны Дабравольскі.

Чэрвеньскі Жонд даволі энэргічна прыняўся за працу. Была выдана і пашырана адозва да народу, напісаная Авэйдам, у якой новы жонд зьмясьціў сваю радыкальную програму. Былі ўтвораны рэволюцыйныя трыбуналы, якія павінны былі сурова караць за ўсе злачынствы супроць паўстаньня, як здраду, нявыплату народнага падатку, адмаўленьне ад прыняцьця паўстанскае пасады і г. д. Жонд пачаў наладжваць сувязі з паветамі і паўстанскімі аддзеламі. Тут ён у многіх мясцох спаткаўся з опозыцыяй, што складалася з прыхільнікаў ранейшага белага жонду. Опозыцыянэры агітавалі проці Чэрвеньскага Жонду, называючы яго жондам „адвакатаў", жондам „анархістаў", няздольным да рэальнай політыкі і працы. Зразумела, што пад „рэальнай" політыкай яны разумелі белую політыку. Але з гэтымі белымі опозыцыянэрамі жонд мог-бы справіцца, прыняўшы рашучыя меры, калі-б усё было добра ў яго ўласным складзе, чаго ня было ў сапраўднасьці. Авэйдэ, уведзены ў склад новага жонду, пачаў весьці перамаўленьні з некаторымі членамі жонду аб перавароце. Некаторыя члены жонду паступова пачалі згаджацца з Авэйдэ. Добраю глебаю для агітацыі Авэйдэ ў жондзе было тое, што вельмі хутка пачаліся разыходжаньні паміж жондам і Камітэтам Грамадзкага Збаўленьня. Гэтыя разыходжаньні ня згладжваліся, а наадварот паступова ўзрасталі. Сутнасьць разыхожданьняў была ў тым, што Камітэт лічыў політыку жонду невыстарчаюча радыкальнай. Гэтыя разыходжаньні і наогул дуалізм паўстанскага кіраўнічага цэнтру павінны былі адмоўна адбівацца на пэрыфэрыі. Месцы не адчувалі на сабе цьвёрдага кіраўніцтва. Справы пайшлі горш. Белая опозыцыя падняла галаву і пачала рыхтавацца да жондавага перавароту.

Такі пераварот і адбыўся ў другой палавіне чэрвеня. На чале гэтага перавароту стаў О. Авэйдэ і добра вядомы нам Кароль Маеўскі, які толькі што быў вызвалены з цытадэлі, куды ён папаў за вельмі брудную авантуру здрады чырвоных і перадачы іх ў рукі Велепольскага, аб якой мы ўжо гаварылі вышэй. Да перавароту далучыліся белыя з Кракава. Распачалася адпаведная агітацыя сярод начальнікаў аддзелаў гарадзкой Варшаўскай Організацыі. Група гэтых начальнікаў запрасіла