Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/20

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

ўспамін аб польскім паўстаньні 1831 г. яны падкрэсьліваюць, што старая фэўдальная Польшча загінула канчаткова і беспаваротна і што ў інтарэсах прогрэсу ня можна жадаць яе аднаўленьня. У той час як белая група паўстанцаў марыць аб тым, каб Польшча ўваскросла ў старым выглядзе, з гэтым рэволюцыйны марксызм не згаджаецца. 22-га лютага 1848 году, напярэдадні лютаўскай рэволюцыі, у Брусэль, на сходзе, прысьвечаным другой гадавіне польскага Кракаўскага паўстаньня 1846 году, К. Маркс падкрэсьлівае: „Толькі дэмократычная Польшча мае права быць незалежнай; польская дэмократыя немагчыма бяз зьнішчэньня фэўдальных правоў, без аграрнага руху, які ператварыў-бы прыгонных сялян у вольных уласьнікаў, уласьнікаў сучасных... Польшча зноў выявіла ініцыятыву, але гэтая Польшча ўжо не фэўдальная, а дэмократычная Польшча, і з гэтага моманту яе вызваленьне робіцца пытаньнем гонару для ўсіх дэмократаў Эўропы".[1] На гэтым-жа сходзе выступае з вялікаю прамоваю і Энгельс. Ён яскрава вызначае наяўнасьць клясавага зьместу паўстаньня. Ён падкрэсьлівае, што барацьбу паўстанцаў проці іназемных прыгнятацеляў, якімі зьяўляюцца Расія, Аўстрыя і Прусія, павінна папераджаць клясавая барацьба паміж самімі палякамі. Ён кажа: „Апошнюю барацьбу Польшчы проці яе чужаземных прыгнятацеляў папераджала скрытая, таемная, але рашучая барацьба ў нетрах самой Польшчы, барацьба прыгнечаных палякаў проці палякаў-прыгнятацеляў, барацьба польскай дэмократыі проці польскай арыстократыі... Усе прынятыя там меры адзначаліся тою дэмократычнаю, я сказаў-бы, амаль што пролетарскаю сьмеласьцю, якой няма чаго губляць, апроч жабрацтва, і якая мае “набыць цэлую бацькаўшчыну, цэлы сьвет. Там ня было ваганьняў, ня было нерашучасьці. Рабіўся адразу напад на тры дзяржавы, агалашалася вольнасьць сялян, аграрная рэформа, наданьне яўрэям грамадзкіх правоў. Зусім не зьвярталася ўвагі на тое, што ўсё гэта магло-б закрануць тыя ці іншыя інтарэсы арыстократыі".[2]

Далей Маркс і Энгельс закранулі клясавы зьмест польскіх паўстаньняў і ў „Комуністычным Маніфэсьце". Яны тут ясна вызначылі, каго павінны падтрымліваць комуністы сярод паўстанцаў. „Сярод палякаў комуністы падтрымліваюць партыю, якая ставіць аграрную рэволюцыю неабходнаю ўмоваю нацыянальнага вызваленьня, тую самую партыю, якая выклікала Кракаўскае паўстаньне 1846 году".[3] Як нам вядома, такою партыяю было Польскае Дэмократычнае Таварыства, да якога належаў Людвік Мераслаўскі, дыктатар у часы паўстаньня 1863 году. З шэрагаў Таварыства вышла шмат чырвоных 1863 году як у Польшчы, так і на Беларусі.

  1. К. Маркс и Ф. Энгельс. Сочинения. Под ред. Д. Рязанова. Т. V. Ин-т Маркса и Энгельса. 1929 г., стр. 263.
  2. К. Маркс и Ф. Энгельс. Сочинения 1929 г. Т. V, ст. 264, 265.
  3. К. Маркс и Ф. Энгельс. Коммунистический Манифест. Введение и пояснения Д. Рязанова. ГИЗ. 1929 г., ст. 54.