Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/195

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ЖОНДАВЫЯ ЗЬМЕНЫ Ў ВАРШАВЕ.

Для таго, каб ясьней уявіць сабе далейшае разьвіцьцё падзей паўстаньня на Беларусі, нам трэба пазнаёміцца з важнейшымі фактамі ў жыцьці цэнтральнага паўстанчага жонду, які меў організацыйны і політычны ўплыў на разьвіцьцё паўстаньня на Беларусі і Літве.

Як мы ўжо гаварылі вышэй, з сярэдзіны сакавіка 1863 году Цэнтральны Варшаўскі Камітэт зрабіўся белым. Пасьля кароткай няўдалай белай дыктатуры Марыяна Лангевіча Цэнтральны Камітэт зноў прыбірае ўсё да сваіх рук. Ён вядзе яўна выразную белую лінію. У сувязі з гэтым Камітэт-Жонд ставіць стаўку ня столькі на інтэнсіўнасьць, колькі на экстэнсіўнасьць паўстаньня. Гэта зусім зразумела, калі прыняць пад увагу, што белыя глядзелі на паўстаньне, як на нешта другараднае. Не паўстаньне ўтворыць будучую Польшчу, а чужаземная інтэрвэнцыя. Паўстаньне толькі вызначыць пралітаю крывёю паўстанцаў межы будучай Польшчы. Члену Камітэту Рупрэхту прыпісваюць, напрыклад, такую думку, што даволі будзе аднаго паўстанскага стрэлу ў тыдзень на адзін павет, каб Заходняя Эўропа не забывалася аб дапамозе Польшчы. Паміж іншым, плян паўстаньня на Беларусі і Літве быў пабудаваны згодна з гэтым поглядам белых на ролю і значэньне паўстаньня.

У складзе Камітэту нікога з больш-менш выдатных чырвоных ня было. У красавіку 1863 году ён складаўся з Рупрэхта, Гілера, Яноўскага, Авэйдэ і Сівінскага. З усіх іх толькі Авэйдэ і Яноўскі яшчэ ня зусім парвалі з памяркоўна-чырвонымі поглядамі, рэшта, асабліва Рупрэхт і Сівінскі, былі яўна выразнымі белымі. Такі склад членаў Камітэту рабіў яго зусім залежным ад політыкі белых. Гэта адразу выявілася на цэлым шэрагу яго дэкрэтаў. Дэкрэтам ад 7 красавіка было забаронена паўстанцам адчыняць і прымаць удзел у політычных таварыствах; існуючыя політычныя таварыствы на аснове гэтага дэкрэту павінны былі быць зачынены. У сярэдзіне красавіка была апублікавана програма Цэнтральнага Камітэту. У програме на першую чаргу былі высунуты і падкрэсьлены політычныя пытаньні, як напрыклад, пытаньне аб непадлегласьці Польшчы. Што датычыць пытаньняў соцыяльнага парадку, а таксама пытаньняў аб той ці іншай самастойнасьці Беларусі, Літвы і Украіны, то яны былі затушаваны і адсунуты на другі плян.

Тым ня менш трэба вызначыць, што пад уплывам сялянскага незадавальненьня Цэнтральны Камітэт формальна ня толькі не адступіўся ад проекту надзяленьня сялян зямлёю, але ўвесь час у сваіх дэкрэтах спыняўся на ім. У гэтых адносінах ён ня мог, прынамсі ў сваіх офіцыйных дакумэнтах, мяняць лінію чырвонага Цэнтральнага Камі-