Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/194

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

харства гаворыць „наречием белорусским".[1] Ведае аб гэтым і вядомы маскоўскі журналісты Каткоў, які наогул вельмі цікавіцца тым, што робіцца на Беларусі. Ён паміж іншым, зазначае, што ў 60-х гадох у мэтах каталіцкай пропаганды ксяндзы карысталіся ў касьцёлах роднаю для беларусаў моваю.[2] Праўда, ён гэтую мову называе „русской", бо і беларусаў лічыць „искони русскими". Калі паказаньне Шырынскага-Шахматава адносіцца да Ўсходняй Беларусі, то заява Каткова ў першую чаргу разумее Заходнюю Беларусь, дзе жыве большасьць каталікоў-беларусаў. Ня мог ня ведаць аб беларускай мове і сам Мураўёў, якому жандары дастаўлялі падпольную беларускую паўстанчую літаратуру, як „Мужыцкая Праўда", „Перадсьмертны разгавор пустэльніка Пятра", „Гутарка двух суседаў" і г. д. Расійскі царызм ведаў, што існуе беларуская мова, але ён зусім сьвядома лічыў патрэбным зжыць яе, бо Беларусь па яго погляду была „искони русским краем".

Раней, на працягу больш як сотні год ішла полёнізацыя Беларусі. Беларускія нізы ламаліся пад польскую мову і культуру. Мураўёўшчына забараніла ўжываць польскую мову і разьвіваць польскую культуру. Беларуская мова і культура таксама падпалі пад забарону, бо, па-першае, яны лічыліся „мужыцкімі", што зводзіла іх, як культурныя каштоўнасьці, да нуля, па-другое, яны лічыліся польскімі, калі апраналіся ў форму лацінкі. Цяпер беларускія нізы павінны былі ламацца ў другі бок, пад расійскую мову і культуру. Усё гэта ўтварала ў быту беларуса цяжкае становішча. 13-га верасьня 1865 году міністар унутраных спраў забараніў[3] друкаваць кніжкі ў літоўскай мове лацінскімі літарамі. Што датычыць кніжок і наогул друкаванага слова ў беларускай мове, то на іх, магчыма думаць, таксама пашырылася гэтая забарона. Праз нейкі час укаранілася практыка зусім не дазваляць друкаваць беларускія кніжкі, якімі-б яны літарамі ні былі напісаны. Прыпыняецца на доўгі час беларускае выдавецтва. Беларускае слова на некалькі дзесяткаў год, аж да рэволюцыі 1905 году, заганяецца ў вузкія рамкі рукапісу. А калі яно часам падманнымі і абходнымі спосабамі і пападае ў друк, дык гэта толькі вельмі рэдкія і нават выключныя здарэньні.

Наогул на заходняй ускраіне царскай імпэрыі ўтварылася атрутная атмосфэра барацьбы расійскага і польскага нацыяналізму, праваслаўнага і каталіцкага клерыкалізму. У гэтую атручаную атмосфэру на доўгі час папала Беларусь з яе рознанацыянальным і рознарэлігійным насельніцтвам. Зразумела, пры такіх умовах яна і ў сваіх нетрах расьціла абарончы нацыяналізм беларусаў, літвіноў і яўрэяў.

  1. Сборник документов М.Н. Муравьева. Т. I. Составил А. Белецкий. Издание общества ревнителей русского исторического просвещения. Вильна. 1906 г., ст. 146
  2. С. Шолкович. Сборник статей, разъясняющих польское дело по отношению к Западной России. Выпуск 1. Вильна. 1885 г. Артыкул Каткова
  3. Leon Wasiliewski. Kresy Wschodnie. Warszawa. 1917, ст. 66