Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/193

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

вую царкву для „нравственного назидания" вучняў. Гісторыя выкладалася ў казённым патрыятычным стылі, прырода тлумачылася ў згодзе з сьвятым пісаньнем. Вучням прышчаплялася ідэя „единой, великой и неделимой России“. Культываваўся погляд на ўсіх керасійцаў, як на „инородцев", што расцэньваліся, як нейкая ніжэйшая парода людзей. Асабліва даставалася яўрэям, як „нехристям"; пышнаю кветкаю ўзрашчвалася юдафобства. Беларуская мова, матчыная мова вучняў, абвяшчалася някультурнай „мужыцкай мовай" і старанна выганялася з ужытку. Ішлі зьдзекі ня толькі над моваю вучняў, але і над іх вопраткаю і манерамі, як мужыцкімі. Усякае выяўленьне вучнямі нават намёкаў на іншыя, „лібэральныя" погляды строга каралася.

Пазьней, у сувязі з зьяўленьнем палажэньня 1872 году аб гарадзкіх вучылішчах, выдаецца палажэньне аб настаўніцкіх інстытутах, якія маюць сваёю мэтаю падрыхтоўку настаўнікаў для гарадзкіх вучылішч, прогімназій і малодшых клясаў гімназій. Настаўніцкія інстытуты пабудаваны на тых самых асновах, што і настаўніцкія сэмінарыі. Яны толькі маюць справу з больш кваліфікаваным матар‘ялам. Пазьней, калі расійскі ўрад пабачыў, што яўрэйская інтэлігенцыя мае вялікія здольнасьці і ахвоту да асіміляцыі, быў адчынены Яўрэйскі Настаўніцкі Інстытут у Вільні побач з хрысьціянскім праваслаўным інстытутам. Нормальны тэрмін навучаньня ў настаўніцкім інстытуце, як і ў настаўніцкай сэмінарыі, быў трохгадовы. У яўрэйскім інстытуце для больш дасканалага вывучэньня расійскай мовы тэрмін навучаньня быў чатырохгадовы.

Сыстэма Мураўёва зьвярнула ўвагу на выхаваньне ў адпаведным напрамку (праваслаўе, самаўладзтва і расійская народнасьць) і жанчын. Яшчэ ў 1863 годзе былі адчынены эпархіяльныя духоўныя жаночыя вучылішчы па губэрскіх гарадох Беларусі. Гэта былі зусім зачыненыя школы, што мелі на мэце аберагчы дзяўчат ад усякіх „вольных знадворных уплываў". Лічачы, што гэтых школ замала, Мураўёў стараўся павялічыць іх колькасьць. У 1864 годзе эпархіяльнае вучылішча было адчынена ў Наваградку. У гэтым-жа годзе такое самае вучылішча было адчынена ў Парычах. У Вільні быў адчынены Марлінскі жаночы манастыр, пры якім для дзяўчат быў утвораны прытулак, што быў рэорганізаваны потым таксама ў эпархіяльнае жаночае духоўнае вучылішча. Ува ўсе гэтыя школы прымаліся амаль выключна дзеці праваслаўнага духавенства. Выключэньні былі вельмі рэдкія.

Урадаваю моваю на Беларусі была абвешчана выключна расійская мова. Мураўёўшчына зусім ня лічылася з тым, што масаваю моваю на Беларусі была мова беларуская. І ня можна думаць, што тагочаснае начальства ня ведала гэтага. Яшчэ ў верасьні 1861 году куратар Віленскага вучэбнага округу князь Шырынскі-Шахматаў у сваім адносьніку на імя міністра народнай асьветы графа Пуцяціна піша, што ў губэрнях Віленскай, Горадзенскай і Менскай большая частка сельскага жы-