Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/192

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

трыстыка. Перад лекцыямі і пасьля іх чытаюцца праваслаўныя малітвы, ня гледзячы на тое, што вучні належаць да іншых мясцовых рэлігійных вызнаньняў. Вялікая ўвага зьвяртаецца на вывучэньне закону божага, царкоўнаславянскай мовы і набожных сьпеваў, каб вучні маглі чытаць і сьпяваць на царкоўным крыласе. Школа перарабляецца ў ваяўнічы аддзел праваслаўнай царквы. „Каб школа зрабілася расійскаю, яна павінна была перабудавацца ў свайго роду ecclesia millitans ня толькі ў сэнсе абароны, але і наступу. З гэтаю мэтаю ўжо граф Увараў, прадмесьнік Карнілава, ускладаў на расійскіх настаўнікаў у школах Паўночна-Заходняга краю абавязак ня толькі абаронцаў, але і місіянэраў праваслаўя, самаўладзтва і рускай народнасьці".[1] Такім спосабам, высілкамі Мураўёва, Карнілава і іх супрацоўнікаў на Беларусі насаджваецца школа ваяўнічага рэтраградзтва, школа чужая для побыту мясцовага жыхарства і шкадлівая для інтарэсаў працоўных мас краю.

Зразумела, што абыйсьціся для школ на Беларусі прывозным настаўніцтвам ня было ніякай магчымасьці. Трэба было падумаць аб мясцовай вытворчасьці настаўнікаў па патрэбнаму для расійскага ўраду тыпу. Пры выданьні ў 1864 годзе палажэньня аб народных школах міністэрства народнай асьветы выдала і „Палажэньне аб настаўніцкіх сэмінарыях". Гэтае палажэньне і было выкарыстана Мураўёвым для Беларусі. На аснове выданага палажэньня настаўніцкія сэмінарыі ставілі сабе такую мэту — „доставить педагогическое образование лицам всех сословий, православного вероисповедания, желающим посвятить себя учительской деятельности в начальных училищах".[2] Такім чынам, вучнямі настаўніцкіх сэмінарый маглі быць асобы толькі праваслаўнага вызнаньня, што задавальняла погляды Мураўёва на школу і яе заданьні. Першая настаўніцкая сэмінарыя ва ўсерасійскім маштабе была заснавана ў 1864 годзе на Беларусі ў мястэчку Маладзечне. Для сэмінарыі былі падабраны адпаведныя кіраўнікі і настаўнікі, якія павінны былі падтрымліваць і насаджваць у яе сьценах праваслаўна-расійскі, патрыятычна-царскі напрамак. Значная большасьць вучняў сэмінарыі атрымлівала стыпэндыі, што экономічна прымацоўвала вучняў да школы, аддавала іх у рукі адміністрацыі і настаўнікаў школы, якія тым лягчэй маглі перарабляць іх у „истино-русских людей". Настаўніцкія сэмінарыі ўсімі сіламі імкнуліся выканаць сваё назначэньне і выпускаць такую мясцовую інтэлігенцыю, якая была-б адарвана ад мясцовых працоўных гушчаў і была-б падобна па сваіх поглядах да той інтэлігенцыі, што была выклікана з Расіі. І гэта ім у пэўнай меры ўдавалася, хоць і ня заўжды.

У програме настаўніцкіх сэмінарый на першым месцы стаяў закон божы і царкоўна-славянская мова. Настаўнікі гэтых прадметаў павінны былі граць галоўную ролю. Амаль кожная сэмінарыя мела сваю дамо-

  1. А. И. Миловидов. Памяти Н. П. Корнилова. Вильна. 1911 г , ст. 16.
  2. Свод законов, изд. 1893 г. Т. XI, ч.І, ст. 2382.