Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/187

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ляўласьніцтва, каб яго замяніць расійскім і В) насадзіць расійскую мову і наогул культуру.

Каб павялічыць лік расійскіх урадоўцаў у краі, трэба было заманіць іх сюды матар'яльнымі выгадамі. Мураўёў гэта прадбачыць і выдзяляе з контрыбуцыйных сум спэцыяльны фонд на „абрусеньне" краю праз прыежджае чыноўніцтва. Значна павялічваюцца звычайныя пры перамяшчэньнях і назначэньнях урадоўцаў падымныя і прагонныя грошы за рахунак гэтага фонду. Праз год звычайная пэнсія ўрадоўцаў, што прыехалі з Расіі, павялічваецца ў 1½ разы. „Чиновники русские всех ведомств в 1864 году получили уже добавочное жалованье в 50% из контрибуционных сумм. Мировым посредникам также увеличено содержание по 500 рублей, так что все русские деятели, будучи вполне обеспечены, трудились верою и правдою к утверждению русского дела в крае.[1]

Далёка не заўсёды запатрабаваньні Мураўёва ў цэнтар на ўрадоўцаў задавальняліся ў першы час на ўсе 100 процантаў, на што ён і скардзіцца ў сваёй „запісцы". Але хутка справа была наладжана, і чыноўныя русіфікатары, „русские деятели", як іх важна называе Мураўёў, пацяклі на Беларусь і Літву шырокаю рэчкаю. Рэакцыйныя расійскія колы падтрымлівалі Мураўёва. Яны пастараліся выезд чыноўнікаў у „Западный Край" абвясьціць пачэснаю, сьвятою справаю, свайго роду крыжовым паходам на няверных. Асабліва стараўся ў гэтым напрамку вядомы рэакцыянэр-славянафіл Іван Аксакаў. Вось яго думка: „В газетах беспрестанно печатаются приглашения от правительства русским из великорусских губерний занять места мировых посредников и некоторые другие в наших западных областях. Пусть-же честные образованные молодые люди, кончив курс в университете, направятся в Западный край с своими свежими бодрыми силами и явятся туда миссионерами русской народности".[2]

Аб гэтых "місіянэрах" даволі добра піша Пшыбароўскі,[3] аўтар, які па сваіх поглядах зьяўляецца згоднікам у стылі Велепольскага. Нават такі правы аўтар дае вельмі адмоўную характарыстыку прыехаўшым русіфікатарам. „Сама Вільня і цэлая Літва зараілася тады зьбіраючымся з усіх канцоў Расіі лайдацтвам, якое, як крукі на падлу, цягнуліся натоўпам на Літву, „в Польшу", як яны казалі, каб там парабіць сабе кар'еры і адыграць ролю расійскіх патрыётаў. У Вільні поўна было розных іхмосьцяў, што круціліся бяз сьцісла акрэсьленых заняткаў па залях генэрал-губэрнатарскага палацу, па розных бюро і насілі гуморыстычную назву „пры" і „па", бо яны знаходзіліся пры той ці іншай установе, пры генэрал-губэрнатару, ці, кажучы па-расійску,

  1. М. Н. Муравьев. Записки об управлении. (Дакладная назва вышэй). "Русская Старина", 1883 год, T. II, стар. 304.
  2. С. Шолкович. Сборник статей. (Дакладная назвавышэй). Выпуск II., стар. 337.
  3. Dzieje 1863 roku. Przez autora „His toryi dwoch lat“. T. III. Krakow. 1902, стар. 186— 187.