Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/18

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

Марксам і Энгельсам, то мы пабачым, што менавіта так ставілі яго і яны з самага пачатку”.[1]

Калі падагуляць усё вышэйпаданае, дык мы прыходзім да такіх вывадаў: а) Кароль Маркс і Фрыдрых Энгельс лічылі польскія паўстаньні, у тым ліку і паўстаньне 1863 году, прогрэсыўнай гістарычнай зьявай. Яны падтрымлівалі іх самі і заклікалі другіх да падтрыманьня іх, асабліва прымаючы пад увагу значэньне польскіх паўстаньняў для дэмократычнай рэволюцыі на Захадзе і для барацьбы з расійскім царызмам. б) Свае погляды, параўнаўча з буржуазна-дэмократычнымі рэволюцыянэрамі і аўтарамі, Маркс і Энгельс падмацоўвалі клясавым падыходам да справы, што давала ў іх рукі новыя довады і магчымасьць правільнай пастаноўкі пытаньня аб польскіх паўстаньнях, в) Урэшце, асновапаложнікі навуковага соцыялізму, выходзячы з конкрэтных умоў разьвіцьця прамысловасьці і росту пролетарыяту ў розных краінах, не заплюшчвалі вачэй на адваротны бок мэдаля, крытыкавалі недахопы польскіх паўстаньняў і процідзейнічалі ілюзіям польскіх рэволюцыянэраў.

Цяпер нам застаецца пацьвердзіць вышэйпаказаныя адносіны Маркса і Энгельса да польскіх паўстаньняў адпаведнымі фактамі і выняткамі з іх твораў.

Аб прогрэсыўнасьці польскіх паўстаньняў Маркс і Энгельс гавораць вельмі часта, пачынаючы з восені 1847 г. Энгельс некалькі разоў у сваіх выступленьнях падкрэсьлівае, што нямецкія запраўдныя дэмократы павінны быць вельмі зацікаўлены ў посьпеху польскіх паўстаньняў і ў вызваленьні Польшчы з-пад уціску царызму; што вызваленьне Нямеччыны ні ў якім выпадку ня можа адбыцца, пакуль не адбудзецца вызваленьне Польшчы. „Мы, нямецкія дэмократы, асабліва зацікаўлены ў вызваленьні Польшчы... Ні адна нацыя ня можа вызваліцца, калі яна прыгнятае іншыя нацыі. Вызваленьне Нямеччыны, такім спосабам, ня можа адбыцца, пакуль не адбудзецца вызваленьне Польшчы ад уціску немцаў. Таму Польшча і Нямеччына маюць агульны інтарэс, таму польскія і нямецкія дэмократы могуць сумесна працаваць над вызваленьнем абедзьвюх нацый.”[2] Энгельс зазначае, што як толькі ў Польшчы распачынаецца рух, дык ён заўжды робіцца наскрозь рэволюцыйным. Ён лічыць неабходным, каб рабочая кляса заходніх дзяржаў у сваіх рухах не аставалася бязуважліваю да рэволюцыйных лёзунгаў польскіх паўстаньняў. Ён адзначае, што такое становішча справы існавала заўжды дагэтуль. Энгельс кажа: „Дзе толькі рабочая кляса брала самастойны ўдзел у політычных рухах, там з самага пачатку яе замежная політыка выказвалася двума словамі — адбудаваньне Польшчы. Так было ў часы руху чартыстых у Англіі, пакуль ён існаваў. Тое самае датычыць францускіх рабочых яшчэ задоўга да 1848 году. Так

  1. Ibidem, ст. 224.
  2. Д. Рязанов. Оч. по ист. марксизма, ст. 612.