Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/173

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

МЕРАПРЫЕМСТВЫ ЧАСОЎ МУРАЎЁШЧЫНЫ. ПОЛІТЫКА СОЦЫЯЛЬНАГА ХАРАКТАРУ.

Найперш ад усяго, калі Мураўёў сядзеў яшчэ ў Пецярбургу, было апрацавана і канчаткова зацьверджана міністэрствам унутраных спраў палажэньне, для ахопленых паўстаньнем тэрыторый, аб вясковых вартах, якія складаліся з сялян. Зьмест палажэньня[1] наступны. Варты складаюцца з дабравольцаў па запрашэньню валасных ці сельскіх старшынь. Калі назіраецца недахват дабравольцаў, то па прыгавору валасных і сельскіх сходаў сяляне ў варты назначаюцца. Кожная варта, заложна ад мясцовых умоў, павінна складацца ня менш як з 60 і ня больш як з 100 чалавек. На кожных 10 вартаўнікоў прызначаецца адзін дзесяцкі, пераважна на аснове абраньня самых сялян. У складзе кожнай варты павінны быць і конныя вартаўнікі, ня менш як 10 чалавек на кожную. Абавязкі варты такія: а) Ставіць заставы ў мясцох, вызначаных павятовымі вайсковымі начальнікамі, апрашваць прахожых і праежджых, затрымліваць і аддаваць у рукі поліцыі падазроных асоб, б) Абараняць сялян і іх уласнасьць ад нападу паўстанцаў, в) Назіраць, каб на тэрыторыі, даручанай нагляду варты, ня зьбіраліся і не організоўваліся паўстанскія групы, дзеля чаго асабліва ўважліва аглядаць у раёне варты лясы. г) Лавіць і прасьледваць паўстанцаў там, дзе яны не пасьпелі ўтварыць значную групу, ці разьбегліся пасьля таго, як група была разьбіта; імкнуцца спыніць падвоз паўстанцам зброі, розных прыпасаў і харчоў, д) Калі будзе выкрыта група, якая складаецца з значнага ліку сіл, адразу апавяшчаць аб гэтым павятовага начальніка для высылкі на месца войска.

На аснове палажэньня па ўсёй Беларусі былі ўтвораны вясковыя варты. Яны былі ўзброены, на чале іх былі пастаўлены ўнцер-афіцэры, адбыўшыя тэрмін вайсковай службы. У некаторых паветах варты даходзілі да 1000 і 2000 чалавек. Як было вызначана вышэй, яны мелі права арыштоўваць і рабіць вобыскі ў западазроных асоб. За арыштаваных паўстанцаў вартаўніком выдавалася грашовая нагарода: за няўзброенага паўстанца тры рублі, а за ўзброенага пяць рублёў. Грошы на ўтрыманьне вартаў і на выдачу ўзнагарод браліся звычайна з тых контрыбуцый, якія накладаліся на паўстанцаў-памешчыкаў. У пачатку вясковыя варты дзейнічалі слаба. Дзейнасьць іх павялічваецца з восені. Сялянскія варты шмат пашкодзілі паўстаньню ўва ўсходніх губэрнях Беларусі.

Адначасова з палажэньнем аб сялянскіх вартах яшчэ ў Пецярбургу было апрацавана палажэньне аб ваенным кіраўніцтве на Беларусі і Літве. З канца мая і пачатку чэрвеня яно пачало ўводзіцца

  1. Сборник распоряжений гр. М.Н. Муравьева по усмирению польского мятежа в северо-западных губерниях 1863-1864 г. Сост. Н. Цылов. Вільна, 1866 г. ст. 179-181