Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/172

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Шмат шуму за граніцай і ў Расіі нарабіў ліст вядомага італьянскага рэвалюцыянэра Д. Гарыбальдзі да Серакоўскага, зьмешчаны ў № 3 падпольнай газэты „Niepodleglosc". Паколькі гэты ліст гаворыць аб адносінах Гарыбальдзі ня толькі да Серакоўскага, але і наогул да паўстаньня 1863 году, мы падаем яго тут цалкам. „Слаўны прыяцелю! Ты на працягу трох тыдняў патрапіў узбудзіць задзіўленьне ўсёй Эўропы, стоячы на чале паўстаньня ў Ковенскім ваяводзтве з асаблівай мужнасьцю і адвагаю. Цяпер, будучы ваеннапалонным расійцаў і сьмяртэльна параненым, ты зварочваешся да мяне, даручаючы мне свой шляхетны край. Чыннаю рукою я быў-бы рады давесьці ўсім вам, якім нязьмерным пачуцьцём напаўняе мяне ваша сьвятая барацьба. Але абставіны асуджаюць мяне на бязьдзейнасьць. Майце толькі веру. Эўропейская дэмократыя не дазволіць, каб ваша бацькаўшчына была зьверскі забіта. Душою і сэрцам я бягу за посьпехамі вашага ўваскрасеньня з мёртвых. Так! Тысячу раз барацьбіты! Ваша дзейнасьць, ваш запал, ваша мужнасьць вучаць нас, як трэба змагацца з дэспотызмам. Сардэчна цісну тваю руку. Веруй у прыязьнь да цябя заўжды твайго—Гарыбальдзі".[1]

Суд над Серакоўскім па загаду Мураўёва быў прысьпешаны. Падсудны ў час допыту трымаў сябе адважна і нікога з сваіх супрацоўнікаў, невядомых ураду, не назваў, чаго суд перад усім вымагаў. Суд прыгаварыў Ковенскага ваяводу да кары сьмерцю праз павешаньне. Мураўёў гэты прыгавор адразу зацьведзіў і даў загад выканаць яго як найхутчэй, баючыся, што з Пецярбургу прыдзе памілаваньне. І сам Серакоўскі да астатніх хвілін быў чамусьці запэўнены, што яго ўрад памілуе. Тым ня менш кара адбылася 27 мая.

Адна кара ішла за другою. Мураўёў вешаў тых афіцэраў расійскай арміі, якія прымалі ўдзел у паўстаньні, звычайных паўстанцаў і нават тых, проці каго было толькі адно голае падазрэньне. Расправа ішла шырока, бяз строгага разбору, хто вінаваты і хто не вінаваты. Канчатковыя конфірмацыі прыгавораў рабіліся Мураўёвым, які наогул атрымаў неабмежаваныя поўнамоцтвы на тэрыторыі Беларусі і Літвы. Побач з карамі сьмерцю ішлі масавыя высылкі ў краіны „не столь отдаленные". Не зьвярталася ўвагі на старасьць, малалецтва, хворасьць і г. д. Высылаліся старыя і малыя, мужчыны і жанчыны, апошнія нават цяжарныя. Усе гэтыя кары ў сваёй пераважаючай цяжкасьці ўпалі на дробную буржуазію і дробную шляхту, якую Мураўёў зусім правільна лічыў галоўнай кіраўніцай паўстаньня. Сьпісы пакараных сьведчаць аб гэтым. Зразумела, не засталіся незакранутымі і іншыя соцыяльныя групы, асабліва рамесьнікі і рабочыя.

  1. Dzieje 1863 roku. T. III. Krakow. 1902, ст. 171-2