Старонка:1863 год на Беларусі.pdf/163

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

У канцы красавіка і пачатку мая сформаваўся паўстанскі аддзел Ромуальда Траўгута, будучага дыктатара паўстаньня ў Польшчы, які быў раней афіцэрам расійскага генэральнага штабу. Ён быў ужо ў адстаўцы і жыў у сваім дробным маёнтку Астроўі, каля мястэчка Антопаля, у Кобрыншчыне. Аддзел быў невялікі, каля 160 чалавек, але быў даволі добра напрактыкаваны, узброены і меў моцную дысціпліну. На працягу 1 ½ месяцаў свайго існаваньня аддзел Траўгута меў сем сутычак з рознымі расійскімі аддзеламі. Большасьць гэтых сутычак была ўдалая для паўстанцаў. У пачатку чэрвеня аддзел перайшоў на тэрыторыю Піншчыны. На мяжы Кобрыншчыны і Піншчыны, каля вёскі Парэчча паўстанскі аддзел Траўгута нечакана спаткаўся з моцным расійскім аддзелам, што складаўся з 4 рот пяхоты і 2 сотняў казакаў: упартая бойка цягнулася з 3-яй гадзіны дня аж да позьняга вечара. Паўстанцы былі разьбіты і рассыпаліся па балотах і пушчах, пакінуўшы ў руках супраціўніка свой абоз і каля 50 коняй.

Праз 2-3 дні Траўгут сабраў рэшткі свайго аддзелу. На дапамогу яму з Берасьцейскага павету падышоў паўстанскі аддзел пад начальствам Яна Ваньковіча (Лялівы), што налічваў у сваім складзе каля 100 чалавек. Праз некалькі дзён адбылася бойка паміж паўстанцамі і расійскімі сіламі пад вёскаю Калоднам, Пінскага павету. Паўстанцы былі разьбіты так моцна, што паправіцца ўжо не маглі. Аддзел быў распушчаны, і яго ўдзельнікі разышліся па іншых аддзелах, а Траўгут накіраваўся ў Варшаву.

Трэба адзначыць, што сялянства ў раёне чыннасьці аддзелу Траўгута падтрымлівала паўстанцаў. У аддзеле Траўгута было шмат сялян-беларусаў. М. Дубецкі[1] ў сваіх ўспамінах падае нават тэкст песьні, якую сьпявалі паўстанцы - беларусы ў адзеле Траўгута. „Гэй-га разам, хлопцы! Гу-га мы, малодцы! Гэй-га з палякамі, гу-га, а бог з намі. І на божу здайма волю нашы сьлёзы і нядолю. Гэй-га, мы пачулі, гу-га, што нас скулі. Гэй-га цяпер знаем, гу-га выклікаем: З зямлі нашай вон, варогі; маскалёў злуп вон за ногі! Гэй-га, мае людзі. Гу-га добра будзе. Гэй-га, ой радныя, гу-га міленькія. Будзе вольнасьць праўдзівая, дасьць яе нам Польшча сьвятая". З тэксту відаць, што песьня зложана штучна, на манер народнай. Белыя ўплывы адбіваюцца на зьмесьце яе. Сялянскія сьлёзы і нядоля здаюцца на божую волю, што вельмі спадручна земляўласьніцкай шляхце. Нейкая туманная „праўдзівая вольнасьць" замяняе сабою ясную і дакладную пастаноўку пытаньня аб аграрнай рэволюцыі і аб бязвыкупнай перадачы сялянству панскай зямлі. „Сьвятая Польшча", якая проціпастаўляецца Расіі, зусім зацямняе „провінцыю" Беларусь, на тэрыторыі якой і дзейнічае паўстанскі аддзел Траўгута.

  1. M. Dubiecki. Romuald Traugutt i jego dyktatura pod czas powstania styczniowego. Krakow. 1907, ст. 63